У Кіеве 16-гадовы падлетак зарэзаў усю сям'ю і пражыў з імі у кватэры некалькі дзён

Праваахоўнікі ў Кіеве затрымалі 16-гадовага падлетка, які, як мяркуецца, зарэзаў сваіх бацькоў і васьмігадовага брата, пражыў з іх целамі некалькі дзён, а пазней знік.

27.04.2021 / 11:09

Паведамленне пра гэты жахлівы выпадак з'явілася на сайце Нацыянальнай паліцыі Украіны.

У панядзелак, 26 красавіка, у паліцыю звярнулася мясцовая жыхарка. Яна распавяла, што сям'я яе сына некалькі дзён не выходзіць на сувязь і папрасіла праверыць кватэру.

Сілавікі выявілі ў кватэры целы грамадзян 1971, 1979, а таксама 2012 года нараджэння.

«Мы ўстанавілі, што да здзяйснення цяжкага злачынства датычны 16-гадовы старэйшы сын пацярпелых», — гаворыцца ў паведамленні.

Пасля гэтага кіраўніцтва мясцовага ўпраўлення паліцыі падняла па трывозе ўсіх работнікаў, і неўзабаве юнак быў затрыманы. Пры сабе ў яго быў акрываўлены нож. Высветлілася, што забойства адбылося на грунце сямейнай сваркі. Малады чалавек спачатку забіў бацькоў, а потым і малодшага брата.

Ён заставаўся ў кватэры яшчэ некалькі дзён, а пасля вырашыў збегчы.

Падлетку пагражае пажыццёвае зняволенне, заведзена крымінальная справа аб наўмысным забойстве.

Nashaniva.com