Лукашэнка дазволіў інвестару пабудаваць у Мінску «Міжнародны выставачны цэнтр» і «Інстытут штучнага інтэлекту»

Аляксандр Лукашэнка 13 мая падпісаў указ №186 «Аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта ў г.Мінску».

13.05.2021 / 19:34

Дакументам устаноўлены ўмовы будаўніцтва ў паўночнай частцы горада на тэрыторыі ў межах МКАД — пр. Пераможцаў — вул. Арлоўскай — Цнянскага вадасховішча прыватнай кампаніяй «Рывэрсайд Дэвелапмент Холдынгз Лімітэд» (Аб'яднаныя Арабскія Эміраты) эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу «Паўночны Бераг».

Па ўказе ў складзе комплексу будуць пабудаваны жылыя дамы з усёй неабходнай інжынернай і транспартнай інфраструктурай, сацыяльныя аб'екты і аб'екты грамадскага прызначэння агульнай плошчай больш за 6 млн кв. м.

У першую чаргу плануецца ўзвесці Будынкі міжнароднага выставачнага цэнтра, Інстытута штучнага інтэлекту, Мінскага цэнтра міжнароднага гандлю.

Інвестыцыйны праект будзе рэалізаваны ў 2021-2040 гадах. Інвестар накіруе на гэтыя мэты сродкі ў суме больш за 10 мільярдаў рублёў.

Nashaniva.com