ЕС выклікаў пастаяннага прадстаўніка Беларусі з-за інцыдэнту з самалётам Ryanair

Еўрасаюз выклікаў пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ЕС Аляксандра Міхневіча з-за інцыдэнту ў Мінску з самалётам кампаніі Ryanair. Пра гэта гаворыцца ў заяве замежнапалітычнай службы ЕС, распаўсюджанай у панядзелак у Брусэлі.

24.05.2021 / 15:53

Аляксандр Міхневіч. Фота ТАСС

«На просьбу вярхоўнага прадстаўніка Жазэпа Барэля генеральны сакратар Еўрапейскай службы замежных дзеянняў выклікаў пасла Беларусі у ЕС Аляксандра Міхневіча, каб асудзіць недапушчальны крок беларускіх уладаў, што вымусілі грамадзянскі самалёт здзейсніць аварыйную пасадку ў Мінску і затрымалі яго пасажыра Рамана Пратасевіча, незалежнага беларускага журналіста і актывіста», — адзначаецца ў тэксце.

У дакуменце тлумачыцца, што генеральны сакратар «перадаў пазіцыю ЕС аб тым, што абуральныя дзеянні беларускіх уладаў уяўляюць сабой яшчэ адну абуральную спробу прымусіць замаўчаць усе апазіцыйныя галасы ў краіне, і запатрабаваў неадкладнага вызвалення спадара Пратасевіча».

«Учорашні непрымальны акт будзе ўзняты на сённяшнім пасяджэнні Еўрапейскай рады. ЕС разгледзіць наступствы гэтых дзеянняў, уключаючы магчымыя меры ў дачыненні да вінаватых», — заключыла замежнапалітычная служба ЕС.