Трох адміністратараў чата кіроўцаў адправілі ў калонію

У судзе Заводскага раёна быў абвешчаны прысуд па крымінальнай справе супраць чатырох адміністратараў тэлеграм-канала і чата кіроўцаў, паведамляе spring96.org.

04.06.2021 / 13:29

Дзяніс Гуцін, Вікторыя Кульша, Ганна Вішняк

Па справе праходзілі палітвязні Дзяніс Гуцін, Вікторыя Кульша і Ганна Вішняк — яны былі затрыманыя ўвосень.

Чацвёртая абвінавачаная — Таццяна Шкробат, яна знаходзілася да суда пад падпіскай аб нявыездзе. Усіх абвінавацілі па ч. 1 і ч. 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці). 

Слуханні праходзілі ў закрытым рэжыме.

У выніку пракурор папрасіў пакараць Гуціна, Кульшу і Вішняк, якія сваёй віны не прызналі, двума гадамі і шасцю месяцамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Таццяну Шкробат, якая супрацоўнічала са следствам і прызнала віну, — трыма гадамі хатняй хіміі. Менавіта такі прысуд і вынесла суддзя Жанна Хвайніцкая.