Пасля пажару ў доме ў Крычаве знайшлі труп пенсіянеркі. Сын прызнаўся, што задушыў яе

Раніцай 3 чэрвеня ў экстранныя службы паведамілі пра пажар у прыватным доме ў Крычаве. Унутры супрацоўнікі МНС знайшлі цела 79-гадовай гаспадыні дома, паведамляе Следчы камітэт.

05.06.2021 / 13:20

На месца выбыла следча-аператыўная група. Агледзеўшы цела загінулай, следчыя высунулі версію пра крымінальны характар смерці. Судова-медыцынская экспертыза гэта пацвердзіла — смерць жанчыны наступіла ад задушвання.

Па падазрэнні ў здзяйсненні забойства затрыманы 55-гадовы сын пацярпелай. На допыце мужчына распавёў следчаму, што паміж ім і маці адбыўся канфлікт, пасля чаго ён задушыў жанчыну падушкай.

Завялі крымінальную справу па п. 2 ч. 2 арт.139 (Забойства заведама састарэлай асобы) Крымінальнага кодэкса, мужчыну ўзялі пад варту.

Падазраваны знаходзіцца на спецыялізаваным уліку ў псіхіятра. Раней да яго ўжываліся меры прымусовага лячэння.

Nashaniva.com