«Яны мусяць заплаціць». Трамп патрабуе ад Кітая $10 трыльёнаў

Былы прэзідэнт ЗША кажа, што азіяцкая звышдзяржава абавязана заплаціць не менш за 10 трыльёнаў даляраў праз пандэмію каранавіруса.

06.06.2021 / 11:31

Дональд Трамп заклікаў Кітай выплаціць «рэпарацыі» Злучаным Штатам за шкоду, нанесеную COVID-19.

На выступе на з'ездзе рэспубліканцаў у Грынвілі, штат Паўночная Караліна, былы прэзідэнт заявіў, што Кітаю трэба выставіць рахунак на 10 трыльёнаў даляраў і ўсе краіны, якія вінныя грошы азіяцкай звышдзяржаве, мусяць ануляваць свае даўгі.

Трамп сказаў, што ЗША павінны ўвесці 100-адсоткавыя тарыфы на ўсе тавары, якія паступаюць з Кітая.

«Мы патрабуем рэпарацый ад Камуністычнай партыі Кітая. Кітай мусіць заплаціць. Яны павінны заплаціць», — сказаў Трамп.

Nashaniva.com