Міліцыя паведаміла пра затрыманне работніка банка за «зліў звестак» сілавікоў і дзяржслужачых

Аператыўнікі ГУБАЗіК вылічылі 44-гадовага жыхара сталіцы, які перадаваў ідэнтыфікацыйныя звесткі аб дзяржслужачых у «экстрэмісцкі тэлеграм-канал».

16.06.2021 / 14:02

Паведамляецца, што мужчына працаваў вядучым спецыялістам па эканамічнай бяспецы аднаго з камерцыйных банкаў, а да гэтага — у праваахоўных органах Беларусі. Перад звальненнем мінчук забраў даведачную інфармацыю аб прадстаўніках органаў пракуратуры, падраздзяленняў камітэта судовых экспертыз, ДФР, СК і грамадзянскіх арганізацый.

У матэрыялах для службовага карыстання ўтрымліваліся прозвішча, імя супрацоўнікаў, іх адрасы пражывання, назва пасад, спецыяльных званняў, нумары службовых і асабістых мабільных тэлефонаў. Усё гэта публікавалася ў адкрытым доступе.

Распачата крымінальная справа за распальванне сацыяльнай варожасці або варожасці, здзейсненае групай асоб (арт. 130)

Мужчына знаходзіцца ў ізалятары.

Nashaniva.com