У Мінску затрымалі пяцёрку калектараў за выбіванне грошай

ГУБАЗіК знайшоў так званых калектараў, якія збівалі даўжнікоў і патрабавалі ў іх вярнуць сумы, што ў разы перавышалі доўг.

29.06.2021 / 15:09

Прэс-служба МУС паведамляе, што група дзейнічала пад кантролем 47-гадовага мінчука, які «кантраляваў» Кастрычніцкі раён сталіцы.

У яго падначаленні былі чацвёра раней судзімых ва ўзросце ад 35 да 47 гадоў.

З мінулага года да мая мужчыны давалі грашовыя мікрапазыкі пад невялікія працэнты, а калі сканчаўся тэрмін вяртання, патрабавалі ў плацельшчыкаў завышаную ў разы суму. Свой шантаж суправаджалі пагрозамі расправы, псаваннем маёмасці і гвалтам.

Так, 29-гадовы мінчанін за выдуманы доўг у 3 тыс. даляраў быў збіты ў сваёй кватэры. Таксама ў яго забралі каштоўнасці. Яшчэ аднаму пацярпеламу, 35-гадоваму жыхару Курасоўшчыны, пасля патрабавання вярнуць 1,5 тысячы рублёў падпалілі дзверы.