Суд у Вільні пастанавіў арыштаваць дзевяць удзельнікаў антыкавідных беспарадкаў каля парламента 

Віленскі ўчастковы суд у чацвер разгледзеў просьбу пракурораў і дазволіў арыштаваць 9 падазраваных. 17 з 26 затрыманых адпусцілі, але чацвярым з іх на ногі надзелі бранзалеты.

13.08.2021 / 08:18

Падчас беспарадкаў каля парламента былі затрыманыя 26 чалавек, нагадвае Delfi. Яны кідалі ў вартавых парадку камяні і іншыя рэчы, узарвалі нейкі снарад.

Пракуроры прасілі ўзяць пад варту ўсіх 26 затрыманых. Суд дазволіў узяць пад варту 9: пяцярых на месяц, дваіх на два тыдні, яшчэ дваіх — на 10 дзён.

Узрост затрыманых мужчын — каля 30 гадоў. Усе падазраваныя, па яго словах, грамадзяне Літвы розных нацыянальнасцяў.

«Яны з розных месцаў Літвы, частка з Вільні, частка з Шальчынінкай. Ёсць літоўцы, ёсць палякі», — сказаў прадстаўнік паліцыі.

Nashaniva.com