Настаўнік са Смаргоні, якому далі 1,5 года за відэа на ўроку: За што я павінен выбачацца?

Жыццё настаўніка гісторыі са Смаргоняў Андрэя Пятроўскага кардынальна змянілася за паўгода, пасля таго як ён паказаў выпускнікам «экстрэмісцкі» відэаролік пра Канстытуцыю. Яго спачатку звольнілі, а потым завялі справу за паклёп на Лукашэнку. Мужчыну далі 1,5 года калоніі агульнага рэжыму. Прысуд агучыў суд Смаргонскага раёна 25 жніўня, нагадвае Радыё Свабода.

25.08.2021 / 15:34

Сын чыноўніцы запісаў урок на дыктафон

Андрэю Пятроўскаму 46 гадоў. Больш за 20 гадоў ён працаваў у школах Смаргонскага раёну, выкладаў гісторыю, грамадазнаўства, пэўны час працаваў намесьнікам дырэктара школы-інтэрната. Апошнія тры гады выкладаў у смаргонскай гімназіі. Раней заўваг да працы пэдагога за ўвесь ягоны стаж не было. Хутчэй наадварот: ягоныя вучні займалі месцы на алімпіядах па гісторыі, пасьпяхова выступалі на конкурсах у краязнаўстве.

Сёлета 12 сакавіка гісторыка выклікалі да дырэктара. Ён сам думаў, што за ягонае спазьненьне на ўрок. Аднак школьнікі захваляваліся за яго.

«Андрэй Францавіч, з вамі ўсё будзе добра? Вы ведаеце, што ў 11 «Б» «пацук»?», — запыталіся вучні зь іншай выпускной клясы.

Выявілася, што перад Днём Канстытуцыі Пятроўскі паказваў у той клясе відэаролік «Канстытуцыя сышла ў прастытуцыю» зь лягатыпам, які беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім». Да таго ж настаўнік расказваў пра бел-чырвона-белы сьцяг, бо дзеці задавалі такія пытаньні. Некаторыя ня ведалі пра існаваньне нацыянальных беларускіх сымбаляў.

Адзін з вучняў, сын мясцовай чыноўніцы з жыльлёвага аддзелу, запісаў урок на дыктафон на просьбу ягонай маці. Інфармацыю ён скінуў у «сямейны чат», а маці пазваніла дырэктарцы і расказала пра «незаконную дзейнасьць» настаўніка. Пасьля гэтага і пачаўся канфлікт. Пятроўскі называе таго вучня «Паўлікам Марозавым».

«А за што я павінен выбачацца, не разумею»

Дырэктарка гімназіі загадала Пятроўскаму пісаць тлумачальную запіску і сказала яму прасіць прабачэньня перад вучнямі і бацькамі, бо «ўносіць у клясу сумятню», маўляў, можа, яшчэ атрымаецца «вырашыць сытуацыю».

«А за што я павінен выбачацца, не разумею», — зьдзіўляецца гісторык.

Пятроўскі прызнаўся, што паказаў той відэаролік вучням, бо «накіпела», бо зь мінулага лета яму балела тое, што людзей білі на Акрэсьціна, парушалася Канстытуцыя, «чорнае называлі белым, а белае чорным».

Відэа ён паказаў у пятніцу, а ўжо ў наступны панядзелак яго не дапусьцілі да заняткаў і звольнілі акурат у Дзень Канстытуцыі — «зрабілі падарунак», як іранізуе ён сам.

Спачатку звольнілі «пры згодзе бакоў». Праз тыдзень у школу прыйшло прадпісаньне з пракуратуры, нібыта Пятроўскі зрабіў рэчы, несумяшчальныя з прафэсійнай дзейнасьцю, бо «распальваў сацыяльную варожасьць», таму яго трэба звольніць па артыкуле. Былому настаўніку перапісалі загад аб звальненьні, але ён адмовіўся падпісваць паперы.

«У сакратаркі, маці аднаго майго вучня, трэсьліся рукі, калі яна прынесла паперы. Кажу: «Чаго вы хвалюецеся, ня вас жа звальняюць? Супакойцеся», — успамінае гісторык.

«Вам ня сорамна?», — запыталася дырэктарка ў канцы.

«Мне ня сорамна. Ёсьць рэчы, за якія мне ў жыцьці было сорамна, але не за гэта», — адказаў звольнены настаўнік.

Дырэктарка пасьля перастала вітацца зь ім. Аднак большасьць калег і бацькоў ягоных вучняў падтрымала настаўніка.

«Хтосьці адважна падтрымлівае, нехта ня вельмі. Але не было такога, каб людзі масава адвярнуліся і казалі: «Так яму і трэба». У нас жа гарадок невялікі. Трыццатыя гады ўсё ж далекавата, народ крыху расслабіўся», — кажа Пятроўскі.

Ён прызнаецца, што жонка яго падтрымлівае, аднак яна не чакала, што мужа будуць судзіць. Іхная малодшая дачка пойдзе ў другую клясу.

Амаль адразу Пятроўскі знайшоў новую працу — падсобным рабочым, а потым памочнікам маляра ў фірме, якая вырабляе дзьверы на экспарт.

Калі ён хацеў перайсьці на лепшую працу ў іншую фірму, спачатку яго хацелі ўзяць, але неўзабаве аказалася, што «начальнік-«ябацька» затармазіў ягоную кандыдатуру».

Неўзабаве на Пятроўскага завялі крымінальную справу за паклёп на Лукашэнку (частка 1 артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Пятроўскі кажа, што судзяць яго не за нейкія канкрэтныя словы, а агулам за паказ «забароненага» фільма.

Справу вяла судзьдзя Людміла Міхневіч, абвінавачаньне падтрымліваў пракурор Андрэй Клышэвіч. Справу разгледзелі за тыдзень. Сьведкамі ў тым ліку выступалі школьнікі, якія глядзелі відэаролік. Пятроўскі цалкам не прызнаў сваю віну.

«Я не прызнаю віны, што я ўзьвёў паклёп на Лукашэнку. Я ўзьвёў бы паклёп, калі бы сказаў няпраўду. А так няўжо людзі ня бачаць, што адбываецца ў Беларусі, што парушаецца Канстытуцыя? Што Бабарыку называюць злодзеем да рашэньня суду, што Кандрусевіча не пускаюць у Беларусь», — прыводзіў аргумэнты на судзе абвінавачаны.

Пракурор запярэчыў, запытаў канкрэтныя факты парушэньняў, стаў пытацца, ці Пятроўскі спэцыяліст у пытаньнях Канстытуцыі.

«А вам патрэбна быць спэцыялістам у мясной прадукцыі, каб купіць сасіскі ў краме? Канстытуцыя напісаная для звычайнага чалавека, каб кожны мог зразумець, што яму дазваляецца», — парыраваў Пятроўскі.

Пятроўскі расказвае, што падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Смаргонях чыноўнік райвыканкаму загадаў выключаць відэакамэры ва ўсіх школах, дзе былі выбарчыя ўчасткі.

У іхнай гімназіі перамог Лукашэнка, але зь невялікім адрывам. На некаторых участках перамагла Ціханоўская, у тым ліку ў Цэнтры творчасьці дзяцей і моладзі, дзе старшынёй камісіі была пэнсіянэрка.

Што датычыць рэформаў у сыстэме адукацыі, пра якую зноў загаварылі ў Міністэрстве адукацыі, Пятроўскі мяркуе, што да іх яшчэ далёка. Ён кажа, што ў новых падручніках па гісторыі шмат памылак, якія варта выправіць. Шкадуе, што са школьнай праграмы па літаратуры прыбралі творы Сьвятланы Алексіевіч і Аляксандра Салжаніцына.

«Раптам дзеці пачытаюць «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» і падумаюць, што нешта ім гэта нагадвае, што нешта падобнае яны бачылі зусім нядаўна?», — кажа Пятроўскі.