Мінздароўя пра каранавірус: Мы бачым павелічэнне захворвання. А грыпу пакуль няма

«Грып на сёння не цыркулюе, але гэта не значыць, што нам не трэба да яго рыхтавацца. Міністэрства аховы здароўя закупіла вакцыну супраць грыпу. Нам абавязкова трэба сумясціць сезонную вакцынацыю супраць грыпу з прышчэпачнай кампаніяй супраць каранавіруснай інфекцыі», — паведаміла сёння першая намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.

08.09.2021 / 12:36

«Паводле разлікаў спецыялістаў — і эпідэміёлагаў, і вядучых інфекцыяністаў — у любым разе мы павінны падрыхтавацца да магчымага прыходу ў нашу краіну грыпу паралельна з каранавірусам», — дадала яна.

Алена Богдан адзначыла, што бачна павелічэнне захворвання і чакана прыйшоў штам «дэльта». Аднак за лета нарошчаны запасы лекаў, сродкаў індывідуальнай аховы, пунктаў падачы кіслароду. 

А вось даваць прагнозы, як у краіне будзе развівацца сітуацыя з каранавірусам, намесніца міністра не стала.

«На жаль, каранавірус за паўтара года, якія мы з ім жывём, паказаў, што прагнозы будаваць — абсалютна няўдзячная справа. Інфекцыя вельмі непрадказальная ў плане эпідэміялагічных законаў, да якіх мы прывыклі. Наша задача — забяспечыць гатоўнасць сістэмы», — сказала яна.

Nashaniva.com