Вярхоўная рада Украіны прыняла закон «пра алігархаў». Пад яго можа трапіць былы прэзідэнт 

Лічыць алігархам будуць таго, хто ўдзельнічае ў палітычным жыцці, мае значны ўплыў на СМІ, з'яўляецца бенефіцыярам кампаніі-манапаліста і мае актывы больш за 1 млн пражытачных мінімумаў (больш за $85 млн).

24.09.2021 / 10:17

Рашэнне аб прызнанні чалавека алігархам будзе прымаць Рада нацбяспекі і абароны Украіны, для гэтага створаць спецыяльны рэестр.

Алігархам забароняць фінансаваць палітычныя партыі, кандыдатаў ды мітынгі і ўдзельнічаць у прыватызацыі аб'ектаў вялікай прыватызацыі. Чыноўнікі і кіраўнікі дзяржкампаній абавязаныя будуць даваць справаздачу аб сустрэчах і гутарках з алігархамі. Алігарх перад пачаткам размовы павінен будзе папярэджваць, што ён мае такі статус.

Закон будзе дзейнічаць 10 гадоў. Адным з першых, хто можа патрапіць пад яго, — Пётр Парашэнка, былы прэзідэнт Украіны.

Nashaniva.com