Мінэнерга сцвярджае, што БелАЭС з моманту ўключэння дапамагла замясціць 1,2 млрд кубаметраў прыроднага газу

Першы энергаблок БелАЭС з моманту ўключэння ў аб'яднаную энергасістэму 3 лістапада мінулага года выпрацаваў 4,3 млрд кВт⋅г электраэнергіі і такім чынам дазволіў замясціць 1,2 млрд куб.м прыроднага газу, сцвярджае Мінэнерга.

26.10.2021 / 21:56

Цяпер электраэнергія з беларускай атамнай электрастанцыі паступае ва ўсе рэгіёны краіны.

Па словах міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча, для гэтых мэтаў было пабудавана каля 1,6 тыс. км высакавольтных электрасетак, мадэрнізаваны чатыры сістэмаўтваральныя электрычныя падстанцыі, уведзены ў эксплуатацыю высокатэхналагічная падстанцыя і электракатлы. Працягваюцца работы па будаўніцтве пікава-рэзервовых крыніц сумарнай магутнасцю 800 МВт, якія забяспечаць надзейнасць энергасістэмы з улікам розных рэжымаў працы атамнай станцыі.

Другі блок БелАЭС гатовы на 90%, яго плануецца ўвесці ў прамысловую эксплуатацыю ў наступным годзе. Тады аб'ём вытворчасці электрычнасці на станцыі павінен скласці каля 18,5 млрд кВт⋅г у год, што дазволіць рэгулярна замяшчаць каля 4,5 млрд куб.м газу.

Nashaniva.com