У Беларусі хочуць прызнаць тэрарыстычнай арганізацыю «Супраціў»

Генеральны пракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб прызнанні нефармальнай арганізацыі «Супраціў» (як паведамляюць ва ўстанове, у яе ўваходзяць тэлеграм-каналы «Кіберпартызаны», «Дружыны Народнай Самаабароны — ДНС», «Буслы ляцяць») тэрарыстычнай аганізацыяй. 

02.11.2021 / 16:32

Паводле даных пракуратуры, гэтая арганізацыя сфарміравана ў траўні 2021 года. Яе кіраўнікі — двое грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пражываюць на тэрыторыі Злучаных Штатаў Амерыкі.

Як лічаць у пракуратуры, «ключавыя мэты стварэння і дзейнасці фарміравання — аб'яднанне радыкальна настроеных грамадзян для наступнага схілення іх да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях пратэсту з сілавым процідзеяннем праваахоўнікам і здзяйснення актаў тэрарызму, дыскрэдытацыя органаў дзяржаўнай улады і кіравання, гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу Рэспублікі».

Названыя ў заяве пракуратуры тэлеграм-каналы ўжо прызнаныя экстрэмісцкімі фарміраваннямі.

Пракуратурай ужо распачатыя і расследуюцца крымінальныя справы па артыкулах 218 (знішчэнне або пашкоджанне маёмасці), 289 (акт тэрарызму), 290 (пагроза здзяйсненнем акта тэрарызму) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, паведамляюць на сайце ведамства.

Nashaniva.com