У былога памежніка забралі медаль, ад якога ён публічна адмовіўся з-за гвалту сілавікоў. Сам Аляксандр Велясніцкі знаходзіцца ў СІЗА

У палітзняволенага афіцэра, які летась асудзіў міліцэйскі гвалт, забралі медаль за бездакорную службу, паведамляе Media-Polesye.

15.12.2021 / 09:59

Аляксандр Велясніцкі з сям'ёй. Фота: сямейны архіў

Былы афіцэр-памежнік, а цяпер палітвязень Аляксандр Велясніцкі адмовіўся ад медаля 3 ступені за бездакорную службу ў жніўні 2020 года, асудзіўшы такім чынам гвалт у дачыненні да мірных людзей. 29 верасня ён быў затрыманы за каментарый па «справе Зэльцэра».

14 снежня ў дом да Велясніцкіх прыйшлі сілавікі, далі азнаёміцца жонцы Аляксандра з пастановай і сказалі выдаць медаль мужа з пасведчаннем на ўзнагароду.

— Пасля звальнення з пагранслужбы мужу пакінулі права насіць парадную форму з усімі сумленна заслужанымі ўзнагародамі. Але, мяркуючы па апошніх дзеяннях, я не выключаю, што яго могуць пазбавіць звання афіцэра, — распавяла Аксана Велясніцкая.

У траўні 2020 года Лукашэнка ўжо пазбавіў званняў больш за 80 былых вайскоўцаў і сілавікоў. 

Улады Беларусі аднеслі да «дыскрэдытуючых» учынкаў экс-сілавікоў удзел у пратэстах і асуджэнне імі гвалту з боку былых калег.

Падпалкоўніка запасу, які ўдзельнічаў у відэазвароце афіцэраў супраць гвалту, пакаралі трымя гадамі хатняй хіміі

Nashaniva.com