Беларускі айцішнік штодзень снедае бчб-тварагом і зрабіў з гэтага блог — пагутарылі з ім

IT-спецыяліст Ян у якасці дапаўнення да ранішняга прывітання ў чаце пачаў адпраўляць сябрам фотаздымкі сваіх сняданкаў. Каб фуд-карцінкі не губляліся, у нейкі момант ён вырашыў стварыць для іх асобную старонку ў Інстаграме. Асаблівасць сняданкаў у тым, што іх від не мяняецца: кожны дзень гэта традыцыйныя тварог і варэнне.

22.12.2021 / 10:24

Распыталі аўтара старонкі «Сняданкі новага дня», ці не надакучыла яму такое спалучэнне і якую звышзадачу нясе публічная дэманстрацыя сваёй ежы.

 

Скрыншот са старонкі @sniadanki.log.

Ян расказвае, што тварог з сочывам і шклянка вады — гэта амаль заўсёды першая ежа для яго раніцай. Пры чым, варэнне рознае: то журавінавае, то клубнічнае, то кізілавае ці малінавае. Выбар багаты.

«У гэта cпачатку не верылі нават знаёмыя. Было шмат пытанняў: ці на самай справе гэта мой сняданак, ці не надакучвае кожны дзень есці адно і тое ж, а можа, сняданкі паўтараюцца? І гэтак далей, — кажа хлопец. — Проста праца з дому накладвае свой адбітак на сняданкі і абеды — трэба хутка і смачна, ды і я чалавек звычкі. Пасля тварагу магу з’есці нейкую сезонную садавіну».

На абед, дарэчы, фуд-блогер любіць нарэзаць сабе чырвоных памідораў і заправіць іх смятанай — фотаздымкі такіх салатаў таксама можна знайсці на старонцы. Гэта адсылка да вядомага роліка з інжынерам Анатолем Шалковічам.

Ян называе свой блог «жартам» і данінай любімым колерам беларусаў, але ён даўно стаў нечым большым — спосабам падтрымкі сяброў і незнаёмых падпісантаў. 

«Калі працягваецца вар'яцтва, прабіваецца чарговае дно і дзень за днём вы становіцеся закладнікам дрэнных навін, тады патрэбны нейкі пазітыў. І вось гэтыя сняданкі — гэта нейкая пазітыўная стабільнасць для нас», — каментуе суразмоўца. 

Дарэчы, адным са сваіх любімых дэсертаў Ян называе клубніцы са смятанай.

Ніякіх планаў па развіцці або манетызацыі блога айцішнік не мае: «Гэта проста для «фану».

Nashaniva.com