У Расіі ліквідавалі «Міжнародны Мемарыял»

Вярхоўны суд Расіі прыняў рашэнне аб ліквідацыі «Міжнароднага Мемарыялу». З хадайніцтвам аб ліквідацыі ў суд звярнулася Генпракуратура. Ведамства патлумачыла свае дзеянні тым, што «Міжнародны Мемарыял» неаднаразова парушаў патрабаванні заканадаўства аб «замежных агентах».

28.12.2021 / 15:34

На выніковым пасяджэнні прадстаўнік Генпракуратуры заявіў, што арганізацыя «стварае хлуслівы вобраз СССР як тэрарыстычнай дзяржавы, абяляе і рэабілітуе нацысцкіх злачынцаў».

Прадстаўнікі «Міжнароднага Мемарыялу» прэтэнзіі Генпракуратуры адкідалі, падкрэсліваючы, што законных падставаў для ліквідацыі арганізацыі няма, піша meduza.io.

Старшыня праўлення «Міжнароднага Мемарыялу» Ян Рачынскі пасля вынясення рашэння падкрэсліў, што арганізацыя будзе абскарджваць яго, і ў выпадку неабходнасці звернецца ў ЕСПЧ. Ён таксама адзначыў, што да разгляду апеляцыі ніякіх зменаў у працы не адбудзецца.

29 снежня Масгарсуд будзе разглядаць аналагічны іск Маскоўскай пракуратуры аб ліквідацыі праваабарончага цэнтра «Мемарыял».

У падтрымку «Мемарыялу» выступалі дзясяткі расійскіх і міжнародных арганізацый, палітыкаў, дзеячаў навукі і культуры. Сярод іх — лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру, галоўны рэдактар «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў і першы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў.

Nashaniva.com