Найстарэйшы цэментны завод Беларусі не прызналі помнікам архітэктуры. Цяпер яму пагражае знос

Будынкам цэментнага завода ў Краснасельскім (Ваўкавыскі раён) адмовілі ў наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Спадчына». Цяпер будынкам былога завода пагражае знос.

31.12.2021 / 13:20

realt.onliner.by, obukhovich.by

Члены абласнога савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны 21 снежня выязджалі ў Краснасельскі. Там яны агледзелі будынкі, сустрэліся з прадстаўніком уласніка («Краснасельскбудматэрыялы») і правялі выязное пасяджэнне. У выніку ўнесці комплекс у спіс спадчыны адмовіліся.

Абласны савет ужо разглядаў пытанне завода ў Краснасельскім 23 лістапада. Тады аўтары прапановы атрымалі адказ: дапрацаваць матэрыялы.

Завод збудавалі ў 1914 годзе з элементамі стылю паўночнага мадэрну. Яго ўзвялі каля радовішча крэйды пад вайсковыя патрэбы перад Першай сусветнай. Цэмент спатрэбіўся на пабудову 13 фартоў і 30 апорных пунктаў Гродзенскай крэпасці. Завод зачынілі ў канцы 90-х. Ён быў афіцыйна абвешчаны закрытай зонай у сувязі з аварыйным станам. 

Nashaniva.com