Пара з Індыі зладзіць вяселле ў Метасусвеце. Сярод гасцей будзе і тата нявесты, які памёр летась

Індыйская пара рыхтуецца правесці першае ў краіне вяселле ў Метасусвеце. Удзел у цырымоніі прыме нябожчык — бацька нявесты — дакладней, яго аватар. Пра незвычайную цырымонію піша Metro. 

24.01.2022 / 20:47

24-гадовы Дынеш Сівакумар Падмаваці і яго нявеста Джанаганандхіні Рамасвамі, якой 23 гады, збіраюцца пабрацца шлюбам 6 лютага ў сваёй вёсцы. Але таксама яны правядуць лічбавы прыём у віртуальнай прасторы, дзе да іх далучацца сябры і сям'я з усяго свету, паколькі каранавірусныя абмежаванні не дазваляюць праводзіць шматлюдныя мерапрыемствы ў іх штаце Тамілнад.

«Мы першая пара ў краіне, якая пажэніцца ў Метасусвеце. Я якраз працую над блокчэйнам цягам апошняга года, таму ведаю крыху больш пра гэта. Метасусвет — гэта тэхналогія, якая працуе менавіта на блокчэйне», — расказаў жаніх.

Паняцце Метасусвету пераклікаецца з паняццем віртуальнай рэальнасці (VR), але гэта не адно і тое ж. Метасусвет — гэта прастора віртуальнай рэальнасці, якая дзейнічае на пастаяннай аснове, ніколі не адключаецца, выкарыстоўвае шмат тэхналогій, якія пагружаюць нас у лічбавы свет. Падмаваці, супрацоўнік даследчага інстытута ў Мадрасе, верыць, што за гэтай тэхналогіяй вялікая будучыня.

«Цяпер такія кампаніі, як Microsoft, Facebook і многія іншыя, інвестуюць у Метасусвет. Таму я падумаў, што, калі мы зладзім там вяселле, усе ў Індыі даведаюцца пра гэтую тэхналогію. А мы зможам працаваць над стартапам і развіваць яго», — сказаў Падмаваці.

Адметнасцю цырымоніі стане «прысутнасць» на ёй бацькі нявесты, які памёр у красавіку летась. Падмаваці плануе паказаць яго лічбавы аватар на цырымоніі.

«Бацька маёй дзяўчыны памёр летась. Я хачу зрабіць ёй сюрпрыз — запрасіць яго віртуальна і зрабіць часткай мерапрыемства. Ён будзе там у якасці 3D-аватара. Гэта падарунак, які я магу ёй зрабіць», — падзяліўся жаніх сваёй ідэяй.

Паведамляецца, што вяселле ў Метасусвеце будзе прысвечанае Гары Потэру і, паводле папярэдніх ацэнак, у ім возьмуць удзел ад 2000 да 5000 сяброў пары, членаў сям'і, а таксама падпісчыкаў у сацыяльных сетках.

I feel so proud and blessed that I have seen and taken advantage of many great opportunities in this world before millions of people have seen them, Beginning of something big! India’s first #metaverse marriage in Polygon blockchain collaborated with TardiVerse Metaverse startup. pic.twitter.com/jTivLSwjV4

— Dinesh Kshatriyan (@kshatriyan2811) January 11, 2022

«Я ведаю, што пары бралі шлюб праз Zoom, але я хацеў пайсці далей і быць першым, хто зробіць гэта ў Метасусвеце. Я таксама хацеў пазнаёміць індыйцаў з гэтай тэхналогіяй», — расказаў Падмаваці газеце «Таймс».

Правядзеннем вяселля ў Метасусвеце будзе займацца стартап Tardiverse. Запрошаныя госці змогуць увайсці ў сістэму і выбраць сабе адмысловы аватар. Аватары ўжо распрацаваныя для маладых, членаў іх сям'і і сяброў. 

Навіна пра вяселле зацікавіла многія пары, і TardiVerse плануе зладзіць наступнае свята на Дзень святога Валянціна.

Усё часцей навокал гавораць пра NFT. Тлумачым максімальна простымі словамі, што гэта такое

Нямецкая разумная машына цяпер можа не толькі абганяць бульбу, але і палоць яе

Nashaniva.com