Выйшла кніга пра беларускія буквары, матэрыялы для якой збіраліся па ўсім свеце

У даследаванні гісторыка, намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы сабраная ўся гісторыя айчынных першых кніг для тых, хто вучыцца чытаць, ад старажытнасці да нашых дзён. Пра гэта напісаў сам аўтар у сябе ў Фэйсбуку.

23.01.2022 / 08:37

Як кажа сам аўтар, ён пісаў гэтую кнігу пяць гадоў, «ёй аддаваўся амаль цалкам так шмат дзён, месяцаў, гадоў…, удзень і ўначы, на выходных і ў адпачынку, дома і ў дарозе». Задумвалася гэта ўсё як лёгкая праца да 400-годдзя першай кнігі пад назвай «Буквар», у выніку атрымалася ж паўнавартасная манаграфія на 336 старонак вялікага фармату.

Па словах Алеся Сушы:

«Кніга сабрала ўсю гісторыю айчынных падручнікаў для пачатковага навучання ад старажытнасці да нашых дзён. Вялікая доля помнікаў зусім невядомая нават даследчыкам, а іх ілюстрацыі публікуюцца ўпершыню.

Каб сабраць звесткі пра беларускія Буквары, аўтару давялося аб’ехаць шмат краін, працаваць у дзясятках бібліятэк, музеяў, архіваў, шукаць у прыватных зборах і калекцыях, бо даўнія (ды і адносна сучасныя) беларускія падручнікі выключна слаба захаваліся ў самой Беларусі (што там, амаль не захаваліся).

Па факце былі выкарыстаны ілюстрацыі з 78 дзяржаўных і прыватных калекцый у Беларусі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Ірландыі, Італіі, ЗША, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіны, Францыі, Чэхіі і Швецыі».

Nashaniva.com