Пагражаюць крыміналкай. Да назіральнікаў за выбарамі ў раённых гарадах прыходзяць сілавікі і размаўляюць пра рэферэндум

У «Нашу Ніве» прыходзяць сігналы, што ў райцэнтрах міліцыя ходзіць па людзях, якія былі назіральнікамі на выбарах 2020-га. Проста дома праводзяць «прафілактычныя гутаркі», з пытаннямі, ці збіраецца гэты чалавек займацца тым жа самым падчас рэферэндуму. А таксама з папярэджваннямі аб крымінальнай адказнасці за нібыта перашкоды выбарчаму працэсу.

24.01.2022 / 19:15

Як стала вядома «Нашай Ніве», у некаторых рэгіёнах у такіх паходах удзельнічаюць начальнікі крымінальнага вышуку і міліцыі грамадскай бяспекі мясцовых РУУС.

Тыя, хто меў такую сустрэчу, звязваюць гэта з аказаннем ціску напярэдадні галасавання аб зменах у Канстытуцыю.

У буйных гарадах, а таксама ў сталіцы тактыка іншая — вядома пра выпадкі ўварванняў у кватэры ўзброеных людзей, якія сыходзяць пасля правядзення «агляду» і «прафілактычнай гутаркі».

Нагадаем, рэферэндум аб зменах у Канстытуцыю прызначылі на 27 лютага. Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў прымаць у ім удзел і перакрэсліваць у бюлетэнях абодва варыянты. 

Чытайце таксама: Ціханоўская заклікае ўдзельнічаць у рэферэндуме і перакрэсліваць у бюлетэні абодва варыянты

«Мяне выклікаюць на прафілактычную гутарку». Што гэта такое і як сябе паводзіць?

Nashaniva.com