У Расіі раздушылі экскаватарам 1,9 тоны яблыкаў з Беларусі

26 студзеня на палігоне цвёрдых бытавых адыходаў у расійскім горадзе Себеж на Пскоўшчыне знішчылі 1,9 тоны яблыкаў з Беларусі. Пра гэта піша Reform.by, спасылаючыся на прэс-службу Паўночна-Заходняга міжрэгіянальнага кіравання Рассельгаснагляду.

28.01.2022 / 19:48

Груз быў затрыманы супрацоўнікамі Пскоўскай мытні ва Усвяцкім раёне пры спробе ўвесці яго машынай на тэрыторыю Расіі міма фітасанітарных пастоў.

Згодна маркіровачным этыкеткам, краіна паходжання садавіны — Украіна, сцвярджаюць у Рассельгаснаглядзе. Але перад гэтым яны былі нібыта легальна імпартаваныя ў Беларусь. Фітасанітарных сертыфікатаў і іншых суправаджальных дакументаў пра паходжанне і бяспечнасць прадукцыі ў кіроўцы не было.

Па гэтым факце распачата справа аб адміністрацыйным правапарушэнні. А яблыкі пайшлі пад экскаватар.

Nashaniva.com