У Літве пачынаецца суд за кантрабанду цыгарэт з Беларусі
У Вільні па справе аб кантрабандзе цыгарэт з Беларусі будуць судзіць двух былых мытнікаў і двух грамадзян Беларусі. Справа пачалася яшчэ ў канцы 2019 года, з таго часу цягнулася следства. Суд пройдзе ў Вільні, паведамляе lrmuitine.lt.
28.01.2022 / 21:56
Фота: deyangeorgiev2 / depositphotos.com
Сцвярджаецца, што літоўцы і беларусы дзейнічалі ў складзе «арганізаванай групы па загадзя распрацаваным плане».
Паводле следства, мытнікі прапускалі праз мяжу грузавікі, у якіх былі кантрабандныя цыгарэты. Яны ўвозіліся ў Літву праз пункт пропуску «Беняконі» — «Шальчынінкай». Літоўскія мытнікі толькі імітавалі праверку грузу.
У выніку праз мяжу пераехалі чатыры грузавікі з агульнай колькасцю больш чым 3 мільёны пачкаў цыгарэт. Страты ў выглядзе нясплачаных падаткаў ацэньваюцца ў 9,7 млн еўра.