Швейцарыя накіруе пасла ў Беларусь. Гэта можа быць звязана і з Наталляй Хершэ

Швейцарыя мае намер накіраваць у Мінск новага пасла. Дыпламат гатовы ўручыць Аляксандру Лукашэнку даверчыя граматы, піша газета Der Bund.

31.01.2022 / 10:49

Фота БелТА

У публікацыі называюць таксама імя дыплямата — Крыстынэ Хонегер-Залатухін. Яе прызначылі паслом у Беларусь яшчэ ў лістападзе 2020 года, але з таго часу яна заставалася ў Швейцарыі, так і не прыляцеўшы ў Мінск.

Сваё рашэнне ў Берне тлумачаць у тым ліку інтарэсамі палітзняволенай грамадзянкі Швейцарыі Наталлі Хершэ, пытанне аб вызваленні якой застаецца на парадку дня.

Хершэ раней некалькі разоў катэгарычна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, а таму застаецца за кратамі па палітычна матываваным крымінальным прысудзе.

30 студзеня Наталля Хершэ, якая знаходзіцца ў «крытай» турме Магілёва, абвясціла галадоўку. Пра гэта яна паведаміла напярэдадні свайму брату Генадзю.

«Цяпер у камеры Наталлі з 6 раніцы і да 22 гадзін — да адбою, на максімальную гучнасьць уключаюць беларускае радыё. Яна ўвесь час у камэры, апроч прагулкі на гадзіну, і для яе гэтае радыё невыносна. Наталля прасіла яго сцішыць ці выключыць, але не атрымала станоўчага адказу, таму распачала галадоўку», — расказаў брат.

Nashaniva.com