Дайшла чарга да «Аховы птушак Бацькаўшчыны». Арганізацыю збіраюцца ліквідаваць

9 лютага грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» атрымала ліст ад Вярхоўнага суда, у якім паведамляецца, што Міністэрства юстыцыі падало пазоў аб ліквідацыі АПБ. Пра гэта паведамілі ў афіцыйным тэлеграм-канале арганізацыі. Пакуль грамадзянская справа рыхтуецца да судовага разбіральніцтва, але прэцэндэнтаў, каб камусьці ў такім выпадку ўдалося абараніцца ў судзе, у апошнія паўтара года не было. 

09.02.2022 / 18:35

«Ахова птушак Бацькаўшчыны» — прыродаахоўная арганізацыя, якая за чвэрць стагоддзя свайго існавання зрабіла вельмі шмат для таго, каб дзікая прырода ў Беларусі захоўвалася і нават дзе-нідзе аднаўлялася. Сама арганізацыя коратка пералічвае свае толькі самыя асноўныя дасягненні:

За гэты час сябрамі арганізацыі сталі больш за 7000 чалавек, штогод ёй дапамагалі ахоўваць прыроду больш за 25000 валанцёраў і прыхільнікаў, па ўсёй Беларусі працавала больш за 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў АПБ.

З 2005 года АПБ — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі «BirdLife International», з 1999 года — сябра Кааліцыі Чыстая Балтыка, а ў 2021-м была прынятая ў глабальную некамерцыйную арганізацыю Wetlands International, якая займаецца захаваннем водна-балотных угоддзяў.

У тэксце пазову Міністэрства юстыцыі, вядома, гэтыя дасягненні не згадваюцца. Там звяртаецца ўвага на іншае:

«У сваіх інфармацыйных матэрыялах дадзенае грамадскае аб'яднанне публічна выказвае ідэю па падтрыманні сярод людзей пратэстнай актыўнасці, выкарыстоўваючы пры гэтым выраз «Птушкі з народам».

А яшчэ:

«Ахова птушак Бацькаўшчыны» пад выглядам валанцёрства па выратаванні птушак на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, накіраваную на дэстабілізацыю грамадска-палітычнага становішча ў краіне».

Дырэктар арганізацыі Аляксандр Вінчэўскі так каментуе сумную навіну:

«Мы не згодныя з абвінавачваннямі Мінюста ў адрас арганізацыі. Магчыма, гэта марная справа, але мы паспрабуем з адвакатам выступіць у судзе.

Ліквідацыя — гэта смерць для арганізацыі, але не для яе сябраў і прыхільнікаў. «Паміраць збірайся, а жыта сей». Я прысвяціў сваё жыццё ахове дзікай прыроды і буду яе ахоўваць у Беларусі ці за мяжой.

Добра, калі атрымаецца працягваць рабіць гэтую справу ў Беларусі разам з вамі, нашымі паплечнікамі».

Nashaniva.com