Беларускі рэжым цяпер пад санкцыямі нават у Косаве

Урад Косава прыняў рашэнне ўвесці санкцыі супраць 183 фізічных і 26 юрыдычных асоб, якія маюць сувязі з Беларуссю і асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. Намесніца міністра замежных спраў Косава Ліза Гашы заявіла, што ўсе захады былі прынятыя ў каардынацыі з Еўрапейскім Саюзам, ЗША і Канадай.

10.02.2022 / 18:57

Фота: gustavofrazao / depositphotos.com

Любыя актывы ў Косаве, якія належаць фізічным і юрыдычным асобам, што патрапілі ў спіс, маюць быць замарожаныя, і ім не будзе дазволены ўезд у гэтую краіны. Акрамя таго, грамадзянам і арганізацыям Косава забаронена весці бізнес з гэтымі асобамі.

«Заўсёды памятаючы пра нашу мэту садзейнічаць і абараняць мір, дэмакратыю і правы чалавека, мы прынялі рашэнне, якое будзе спрыяць працягу цеснага супрацоўніцтва з ЗША, ЕС і нашымі міжнароднымі партнёрамі», — сказала Гашы.

Косаўскія санкцыі маюць хутчэй сімвалічнае значэнне, бо гэтая краіна не прызнаная Беларуссю ў якасці незалежнай дзяржавы. У Беларусі яе тэрыторыю лічаць часткай Сербіі. Таму вельмі малаверагодна, што прадстаўнікі беларускага рэжыму і звязаныя з імі кампаніі могуць мець там нейкія актывы. 

Nashaniva.com