Пасол Расіі ў Стакгольме: «Мы ср*** на санкцыі Захаду»
Пасол Расіі ў Швецыі надзвычай эмацыйна зрэагаваў на пытанне пра санкцыі Захаду супраць Масквы, піша Радыё Свабода.
13.02.2022 / 15:06
Віктар Татарынцаў.
Пасол Расіі ў Швецыі Віктар Татарынцаў заявіў, што Расія абыякава ставіцца да санкцый Захаду. Такое меркаванне ён выказаў падчас інтэрв'ю шведскаму выданню Aftonbladet.
«Прабачце за мову — але мы ср*** на санкцыі Захаду», — цытуе яго словы выданне. Гэтая фраза вынесена ў загаловак матэрыяла, які па-шведску гучыць так: «Ursäkta språket — men vi ski*** i västs sanktioner».
Само інтэрв'ю было пра магчымае ўступленне Швецыі ў НАТА. Татарынцаў назваў пашырэнне Паўночнаатлантычнага альянсу галоўнай пагрозай для Расіі, дадаўшы, што зараз Масква пярэчыць сяброўству каралеўства ў арганізацыі.
«Калі б ЗША і НАТА не правакавалі і не абвастралі сітуацыю, мы б не пярэчылі супраць уступлення Швецыі. Мы б паважалі такое рашэнне Швецыі. Але цяпер сітуацыя з бяспекай у гэтай частцы Еўропы рэзка змянілася», — сказаў дыпламат.
У студзені ўлады Швецыі заяўлялі, што пытанне аб уступленні каралеўства ў НАТА не стаіць на парадку дня.