Эксперт: Грошы на выплату даўгоў давядзецца шукаць унутры краіны

На пачатак бягучага года дзяржаўны доўг Беларусі склаў 58,3 млрд рублёў, плацяжы па ім у 2022 годзе складуць 10,45 млрд рублёў, у тым ліку на пагашэнне будзе накіравана 6,9 млрд рублёў, а на абслугоўванне доўгу 3,5 млрд рублёў. Для супастаўлення — такая сума роўная траціне выдаткаў рэспубліканскага бюджэту (хоць на практыцы за кошт бюджэтных сродкаў выплачваюцца толькі працэнты па дзярждоўгу). Дзе ўладам давядзецца браць гэтыя грошы, якія не хоча даваць Масква, разважае аўтар тэлеграм-канала «Нашы грошы».

17.02.2022 / 20:05

Фота: THOMAS COEX / AFP

Нягледзячы на тое, што Мінфін дае справаздачу па дзярждоўгу ў рублях, у рэальнасці ён сфармаваны ў замежнай валюце, і плацяжы па ім — таксама.

Напружаны характар выплат па дзяржаўнаму доўгу змушае Міністэрства фінансаў шукаць магчымасці рэфінансаваць яго частку, прасцей кажучы, узяць у доўг, каб аддаць доўг. Раней Беларусь мела добры доступ на міжнародныя фінансавыя рынкі, чым актыўна карысталася, прыцягваючы сродкі праз валютныя аблігацыі, працуючы з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі.

Аднак цяпер крэдыторам апошняй інстанцыі засталася хіба што толькі Расія і падкантрольны ёй Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (ЕФСР). Менавіта туды зараз накіраваныя ўсе намаганні па пошуку гэтак неабходных для рэфінансавання запазычанасці сродкаў.

Беларусь планавала пазычыць у ЕСФР недзе $3,5 млрд, аднак у Міністэрстве фінансаў Расіі заявілі, што хоць і разумеюць складанае фінансавае становішча суседа, але гатовыя даць сродкі ў аб'ёме толькі $ 1 млрд. Фактычна гэта азначае, што Расія гатовая рэфінансаваць такі аб'ём запазычанасці, які Беларусь павінна вярнуць ёй у бягучым годзе.

На Расію прыпадае толькі трэцяя частка плацяжоў па дзяржаўным доўгу ў 2022 годзе. Яшчэ чвэрць запазычанасці складаюць плацяжы па ўнутраных дзяржаўных аблігацыях, 15% — плацяжы Кітаю, 12% — знешнія дзяржаблігацыі, 10% — ЕСФР, 5% — Міжнароднаму банку рэканструкцыі і развіцця.

Гэта значыць, акрамя Расіі, пералік крэдытораў у мінулым быў вялікі. Але наўрад ці яны будуць уваходзіць у становішча і ісці на рэфінансаванне запазычанасці. А ў выпадку з аблігацыямі такое наогул немагчыма.

Па ўсёй верагоднасці, суму, якая адсутнічае, прыйдзецца шукаць унутры краіны.

Нацыянальны банк валодае пэўным рэзервам, які не дасць сітуацыі рэзка стаць катастрафічнай. Аднак гэты рэзерв вычарпальны, а рэзкае яго зніжэнне можа ўзмацніць негатыўныя чаканні на валютным рынку і выклікаць чарговую хвалю зняцця насельніцтвам дэпазітаў.

У падобнай сітуацыі даводзіцца альбо знаходзіць новыя крыніцы даходаў, альбо ісці на скарачэнне выдаткаў. Першае вельмі абцяжаранае, бо паўтарэння экспартнага цуду чакаць не даводзіцца. А скарачэнне выдаткаў, у сваю чаргу, будзе мець балючыя сацыяльныя наступствы, асабліва ва ўмовах і без таго дэфіцытнага бюджэту. Да таго ж той факт, што вяртаць даўгі трэба ў замежнай валюце, пагражае ціскам на курс беларускага рубля.

Чытайце таксама:

Чаму Расія не дала Лукашэнку $3 млрд у доўг і дзе цяпер Беларусь будзе браць грошы?

«Гэта быў асноўны лагістычны калідор». Як цяпер «Беларуськалій» будзе пастаўляць прадукцыю на экспарт?

«Краіна страчвае магчымасці развіцця». Эканамісты пра тое, што будзе з цэнамі і заробкамі беларусаў у 2022 годзе

Nashaniva.com