Зяленскі падпісаў закон аб крымінальным пакаранні за калабарацыянізм і адмаўленне агрэсіі

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў закон, які ўводзіць ва ўкраінскі Крымінальны кодэкс адказнасць за калабарацыянізм.

15.03.2022 / 16:39

Фота: УНІАН

Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Вярхоўнай Рады Аляксандр Карніенка, паведамляе meduza.io.

У офісе прэзідэнта Украіны гэтую інфармацыю пакуль не пацвердзілі.

Законапраект прадугледжвае, у прыватнасці, пакаранне за адмаўленне агрэсіі супраць Украіны, за вядзенне гаспадарчай дзейнасці ў супрацоўніцтве з агрэсарам або створанымі ім «органамі ўлады», а таксама за распаўсюджванне прапаганды ў навучальных установах з мэтай садзейнічання акупацыйным сілам.

Найбольш цяжкае пакаранне ўводзіцца за:

— добраахвотнае займанне кіруючых пасад у «незаконных органах улады» на акупаваных тэрыторыях і за правядзенне там «незаконных выбараў і рэферэндумаў» (5-10 гадоў пазбаўлення волі);

— за арганізацыю палітычных мерапрыемстваў і інфармацыйнай дзейнасці ў падтрымку акупантаў (10-12 гадоў);

— за добраахвотнае займанне пасад у ствараемых на акупаваных тэрыторыях «незаконных судовых або праваахоўных органах» (10-15 гадоў).

Калі такія дзеянні прывялі да гібелі людзей або іншых цяжкіх наступстваў, яны могуць карацца 15 гадамі пазбаўлення волі або пажыццёвым тэрмінам.

Nashaniva.com