Лукашэнкаўскі эксперт: Ні ў якім разе Пуціну нельга сустракацца з Зяленскім

Адзін з найбольш адыёзных прапагандыстаў-«экспертаў» з атачэння Лукашэнкі Аляксей Дзерман, які даўно сябе пазіцыянуе як глашатай «рускага свету» ў Беларусі (у назве тэлеграм-канала, дарэчы, падпісваецца як ДZерман), выказаўся катэгарычна супраць магчымай сустрэчы Зяленскага з Пуціным. А для аргументацыі сваёй думкі звярнуўся не да рацыянальных, а да містычных аргументаў. 

29.03.2022 / 17:05

Аляксей Дзерман.

Паводле Дзермана, «кіраўнік у Расіі заўсёды ўспрымаўся як сакральная фігура, ён не проста князь, цар, генеральны сакратар ці прэзідэнт. Ён касмакратар, які кіруе нашым светам. Што б там хто ні казаў, але для глыбіннага народа гэта так. Пуцін — працяг гэтай традыцыі і яе ўвасабленне».

Зяленскі ж, на думку беларускага прыхільніка «рускага свету», «яе антыпод, прафанны паяц, блазан, пародыя на цара. Яго спецыяльна такім стварылі для разбурэння традыцыйных рускіх палітычных структур».

І менавіта таму, на думку Дзермана, «ні ў якім разе з ім нельга сустракацца, падпісваць якія-небудзь дагаворы. Гэта будзе прымяншэнне, прафанацыя сакральнай улады. А калі гэта дапусціць, абрынецца ўся краіна».

Nashaniva.com