Украінскі «Энергаатам»: Расійскія войскі сапраўды пакідаюць зону Чарнобыльскай АЭС

Ва ўкраінскім «Энергаатаме» пацвердзілі учарашнія паведамленні, што расійскія войскі пакідаюць Чарнобыль. У ведамстве паведамілі, што пра свой намер пакінуць ЧАЭС расіяне раніцай сказалі ўкраінскаму персаналу станцыі. Невялікая колькасць расійскіх вайскоўцаў ўсё яшчэ застаецца на месцы, але асноўная частка дзвюма калонамі рушыла да мяжы з Беларуссю.

31.03.2022 / 18:33

Таксама «Энергаатам» сцвярджае, што пацвердзілася і інфармацыя, што расійскія вайскоўцы будавалі фартыфікацыйныя збудаванні і акопы проста ў Рудым лесе — найбольш радыяцыйна забрудненым ва ўсёй зоне адчужэння. У выніку яны атрымалі значныя дозы апраменьвання, і хвароба ў іх ужо праяўляецца. Сярод іншага ўкраінскія энергетыкі бачаць у гэтым адну з прычын хуткага вываду.

Некалькі расійскіх салдат, якія капалі акопы ў Рудым лесе вакол ЧАЭС, нібыта паступілі з апрамяненнем і ў Беларускі цэнтр радыяцыйнай медыцыны ў Гомелі, сцвярджаў на падставе сваіх крыніц член Грамадскай рады пры Дзяржаўным агенцтве Украіны па кіраванні зонай адчужэння Яраслаў Емяльяненка. Паводле яго слоў, гэта была ўжо не першая «партыя» салдат з апрамяненнем. Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі пакуль няма.

Акрамя таго, паведамляецца, што для руху ў бок Беларусі фармуецца і калона расійскіх вайскоўцаў, якія трымалі ў аблозе горад Славуціч, дзе жывуць супрацоўнікі Чарнобыльскай АЭС.

Чытайце таксама:

Пентагон: Расіяне пачалі адступаць з раёна Чарнобыльскай АЭС

Nashaniva.com