«Хацелі, каб мы памерлі». Частка вайскоўцаў з Паўднёвай Асеціі адмовілася ваяваць ва Украіне 

Частка кантрактнікаў 4-й гвардзейскай вайсковай базы 29 сакавіка адмовіліся ваяваць ва Украіне. Па паведамленнях паўднёваасецінскіх тэлеграм-каналаў, вайскоўцы вярталіся ў рэспубліку літаральна пешшу. «Медыязона» распавядае, як развіваліся падзеі і цытуе аўдыёзапіс, на якім, як мяркуецца, адзін з салдат апісвае тое, што адбылося.

01.04.2022 / 08:55

Фота: Бонварнон

Частка вайскоўцаў з самаабвешчанай Паўднёвай Асеціі адмовіліся ўдзельнічаць у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны і самастойна вярнулася ў Цхінвалі. Першым пра гэта напісаў увечары 30 сакавіка телеграм-канал «Бонварнон» — там з'явіліся некалькі пастоў пра «вайскоўцаў 4-й ваеннай базы», якіх «высадзілі на мытні», пасля чаго яны былі вымушаныя самастойна дабірацца да Цхінвалі. На фота, апублікаваных у канале, бачныя некалькі вайскоўцаў, якія стаяць уздоўж трасы ў расійскай вайсковай форме з рэчавымі мяшкамі. 

«Вайскоўцы чацвёртай вайсковай базы на КПП Ніжні Зарамаг — тлумачыць канал. — На фота не відаць ні аўтобусаў, ні транспартных вайсковых грузавікоў». Пазней там жа ўдакладнілі, што на паўднёвым баку Рокскага тунэля салдат чакала ваенная тэхніка.

Інфармацыю пацвердзіў у сябе ў тэлеграм-канале экс-прэзідэнт Паўднёвай Асеціі Эдуард Какойты. Не назваўшы дакладную колькасць тых, хто адмовізся ваяваць, Какойты паабяцаў змагацца за кожнага з іх і заклікаў сваякоў вайскоўцаў устрымацца ад пратэсных акцый да высвятлення прычын учынку салдат.

«Ніхто не мае права асуджаць гэтых хлопцаў або вінаваціць іх у баязлівасці, — напісаў Какойты. — Варта разабрацца ў першапрычынах і высветліць, якім чынам быў арганізаваны іх удзел. Гэтым мы зоймемся самым сур'ёзным чынам».

Какойты дадаў, што гэтая сітуацыя не павінна «падрываць баявы дух сотняў нашых байцоў у зоне баявой аперацыі» і не выключыў, што салдат, якія вярнуліся ў Паўднёвую Асецію, зноў адправяць на вайну «пры забеспячэнні належнай арганізацыі іх удзелу».

Вечарам 30 сакавіка інфармацыю пацвердзілі і ва Упраўленні стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Украіны.

«Некалькі дзён таму амаль увесь асабісты склад адной з батальённых тактычных груп (дзве мотастралковыя роты і мінамётная батарэя), якія былі сфармаваныя са складу 4-й ваеннай базы УС РФ (в/ч 66431, г. Цхінвалі, Паўднёвая Асеція) і задзейнічаны на Данецкім кірунку, адмовіўся ад удзелу ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны», — гаворыцца на старонцы ў Фэйсбуку ведамства.

Паводле ўкраінскіх звестак, 29 сакавіка вайскоўцаў з Паўднёвай Асеціі арганізавана перавезлі на вайсковы палігон «Кузьмінскі» ў Растоўскай вобласці, дзе з імі пагутарыў намеснік камандуючага 58-й арміі. «Аднак яго заклікі да працягу пастаўленых задач не ўвянчаліся поспехам», — гаворыцца ў паведамленні.

Пра тое, што паўднёваасецінскія кантрактнікі адпраўляюцца на вайну ва Украіну, 16 сакавіка паведамляла «Рэха Каўказа». 

Праз некалькі дзён прэзідэнт самаабвешчанай рэспублікі Анатоль Бібілаў у тэлеграме так пракаментаваў адпраўку паўднёваасецінскіх вайскоўцаў ва Украіну: «Вы пытаецеся ў мяне, што я думаю пра удзел вайскоўцаў 4-й ваеннай базы ў спецаперацыі ва Украіне? Я думаю, што іншага выйсця і іншага рашэння ў асецінскага мужчыны няма і быць не можа! Не я аддаў загад 4-й ваеннай базе, таму што гэта армія РФ, але калі наш сябар пад прыцэлам, калі наш сябар у бядзе, мы ўстанем побач і будзем біцца плячом да пляча. Мне кажуць, што нашых хлопцаў адпраўляюць на смерць. Не! Не — іх адпраўляюць за перамогай!»

* * *

16 сакавіка Мінабароны Паўднёвай Асеціі паведаміла аб гібелі 35-гадовага сяржанта Андрэя Бакаева з Цхінвалі, які служыў у адным з падраздзяленняў 58-й арміі. На наступны дзень яго ўрачыста пахавалі.

«Андрэй Бакаеў пры выкананні баявых задач падчас спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны, праявіўшы ўзоры мужнасці і гераізму, з гонарам і годнасцю высока нёс імя воіна-вызваліцеля, воіна-абаронцы. Ён да апошняга ўздыху заставаўся верным ваеннай прысязе і воінскаму абавязку», — гаворыцца ў паведамленні міністэрства.

Паранены камандзір экіпажа Аляксей Габараеў распавёў пра загінулага Бакаева. Паводле яго слоў, на Данбас яны «заязджалі, усміхаючыся, усе былі ў зборы», захапілі сяло Вінаградаўка. Бакаеў быў наводчыкам: ён памёр ад атрыманых ран пасля абстрэлу пад Горлаўкай. «Увесь экіпаж 266-й машыны вельмі ўдзячны Андрэю!» — кажа ў інтэрв'ю Габараеў.

* * *

Праблемы з удзелам паўднёваасецінскіх вайскоўцаў у вайне пачаліся з моманту адпраўкі, сцвярджае крыніца «Медыязоны» ў Паўднёвай Асеціі.

«Скандал быў, калі іх яшчэ толькі адпраўлялі туды. Адпраўлялі абсалютна без усяго, пустымі. Людзі на свае грошы куплялі ім бронекамізэлькі і іншае», — кажа ён.

25 сакавіка выданне «Спутнік-Асеція» паведамляла, што жыхары Паўднёвай Асеціі адправілі суайчыннікам, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях ва Украіне, гуманітарную дапамогу — прадукты, адзенне і ваенную экіпіроўку, набытыя на грошы «неабыякавых да лёсу вайскоўцаў» людзей і мясцовых прадпрымальнікаў. Таксама вайсковы рыштунак для вайскоўцаў перадало Міністэрства ўнутраных спраў Паўднёвай Асеціі.

Акрамя таго, экс-кіраўнік Паўднёвай Асеціі Эдуард Какойты, які абвясціў у лютым пра намер зноў балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах, на сустрэчы з прыхільнікамі казаў, што рэспубліка павінна аб'яднацца, каб «выратаваць хлопцаў», у якіх павінны быць «элементарныя ўмовы» для ўдзелу ў баявых дзеяннях. «Гэта не гарматнае мяса, нас і так мала. Мы генафонд [ўжо] практычна страцілі», — прыводзіць яго словы «Рэха Каўказа».

Са слоў крыніцы «Медыязоны», паўднёваасецінскія вайскоўцы-кантрактнікі 4-й гвардзейскай вайсковай базы ў Цхінвалі вярнуліся ў рэспубліку 30 сакавіка.

«Наколькі я зразумеў, праблема ўзнікла, калі адзін з салдат падарваўся на міне, — кажа крыніца.

— І яны хацелі яго цела забраць, каб адправіць дадому. Проста для нас, асецінаў, цела памерлага сябра — святое. А ім іх генерал, начальнік сказаў: якое цела, мы пустую труну адправім. Яны кажуць: мы воіны, мы не трусы, але вось так, каб цябе на забой адпраўлялі, а потым яшчэ твой труп не забіралі — нам гэта нафіг не трэба. І яны выйшлі. І ўчора вярнуліся ў Паўднёвую Асецію».

Па яго словах, у рэспубліку вярнуліся каля 300 вайскоўцаў.

Суразмоўца «Медиазоны» спасылаецца на аўдыёзапіс, на якім на асецінскай мове пра сітуацыю распавядае нібыта адзін з салдат:

«Гэта ****** [катастрофа]. Нас павезлі і хацелі, каб мы памерлі, а нашы старшыя атрымалі «герояў». Хлопец там памёр, многія загінулі. Іх абстралялі, потым яны адышлі. Адзін хлопец быў увесь замінаваны. Ён памёр, а яго пяхотная група выйшла назад. Потым [калегі загінулага] зайшлі да старшага і кажуць — давайце падыдзем да яго і выцягнем яго, яго разарвала на часткі. І хоць якія-небудзь часткі цела яго забярэм, ну там галаву, каб нешта адправіць дадому. А старшы кажа так: «Адпраўце пустую скрынку, цынкавую пустую, каб яны ведалі, што ён загінуў». І нашы хлопцы ашалелі. Хацелі яго там забіць. А ў яго ахова 10—12 чалавек, каб яму ніхто яго маму не ****** [згвалціў]. Яны нас на смерць вялі. Вось прыедзем і пагаворым з людзьмі, і нават на плошчу можам выйсці — сказаць, што нас вялі на верную смерць».

Аўтар паведамлення падкрэслівае, што паўднёваасецінскія байцы не збеглі з месца баявых дзеянняў: «Мы пяць дзён ваявалі па-сапраўднаму. А нас потым проста пасылалі на смерць. Кожны гэта ведае. І мы гэта дакажам».

Крыніца «Медиазоны» не выключае, што тыя, хто вярнуўся з Украіны, апынуцца «пад прэсінгам».

«Што з імі будзе — ніхто не ведае. Гэта па факце дэзерцірства, на іх крыміналку павінны завесці. Але калі так здарыцца, то падзеі ў Паўднёвай Асеціі могуць развівацца непрадказальна».

Nashaniva.com