Пачаўся прыём заявак на 10-ы Кангрэс даследчыкаў Беларусі

Арганізацыйны камітэт Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі абвяшчае збор індывідуальных заявак на ўдзел у юбілейным 10-ым кангрэсе, які будзе праходзіць з 30 верасня па 2 кастрычніка 2022 года ў Коўне (Літва).

02.04.2022 / 20:30

У 2022 годзе праца Кангрэса будзе адбывацца па 13 даследчых кірунках, якія ўключаюць усе асноўныя сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны: гісторыя, міжнародныя адносіны і паліталогія, сацыялогія, лінгвістыка, літаратуразнаўства і іншыя.

Кангрэс — самая прадстаўнічая штогадовая акадэмічная і экспертная падзея Беларусі, у працы якой прымаюць удзел усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры даследавання грамадства, палітыкі і культуры Беларусі.

Для таго, каб прыняць удзел у Кангрэсе ў якасці выступоўцы неабходна запоўніць АНЛАЙН-ФОРМУ і прадставіць тэзісы памерам 2-4 тыс. знакаў. Дэдлайн — 15 мая 2022 года.

Для ўдзелу ў Кангрэсе дазваляецца запаўненне толькі адной заяўкі, выступаць з двума дакладамі немагчыма.

У знак падтрымкі Украіны, якая гераічна супраціўляецца расійскай вайсковай агрэсіі, усе удзельнікі з Украіны і ўкраінцы, якія з-за вайны вымушаныя былі пакінуць сваю краіну, вызваляюцца ад аплаты рэгістрацыйнага ўнёску.

Ад унёску таксама вызваляюцца ўдзельнікі з Беларусі і беларусы, якія пацярпелі ад вайны ва Украіне ці палітычна матываваных рэпрэсій у Беларусі, як і тыя, хто заняў прынцыповую пазіцыю па гэтых пытаннях.

Збор заявак на ўдзел у Кангрэсе гасцей і журналістаў, а таксама на арганізацыю прэзентацый навуковых, культурных, выдавецкіх праектаў і г.д. будзе аб’яўлены пазней.

Nashaniva.com