«Колькі можна, адкуль гэта бярэцца?» У новым стрыме Чалага дасталася ўсім — Латушку, Лябедзьку і простым беларусам

У сваім штотыднёвым стрыме аналітык рэзка выказаўся на злабадзёныя тэмы.

04.04.2022 / 14:15

Аналітык пракаментаваў заклік прызнаць Беларусь тэрыторыяй, часова акупаванай Расіяй. Нагадаем, гэтую ідэю агучыў спачатку Павел Латушка, а пасля з ёй да паслоў ААН звярнулася Святлана Ціханоўская.

«Я не чакаў, што яна стане такой папулярнай — ідэя казаць пра тое, што мы акупаваныя. Я ўжо не кажу пра ідэю двайной акупацыі — Лукашэнка акупаваў краіну, Пуцін акупаваў Лукашэнку, мы ўсе такія акупаваныя. Цяпер на поўным сур’ёзе гэта робіцца лозунгам дэмакратычнага руху. Я так разумею, Павел Латушка спачатку яе высунуў: давайце даможамся прызнання Беларусі акупаванай краінай», — абурыўся Сяргей Чалы.

«Колькі можна, адкуль гэта бярэцца? Гэта трывожныя рэчы — мне здавалася, гэтая тэма ўжо была аднойчы закрытая. Не, яна працягвае развівацца!

Мой сябар, Андрэй Елісееў, піша цэлы артыкул у якім спрабуе давесці, чаму нас трэба прызнаць акупаванай краінай, і прыводзіць прыклад краін Балтыі, якія былі акупаваныя Савецкім Саюзам. І я гэты артыкул чытаю і спрабую зразумець, у чым падабенства. Ведаеце дзе? Я зноў жа цытую, не прыдумляю: таму што Беларусь — таксама краіна Балтыі, таму што ў нас палова рэк упадае ў Балтыйскае мора. І таму нас трэба прызнаць акупаванай краінай», — выказаўся аналітык.

Прайшоўся ён і па беларусах, якія крытыкавалі словы Зяленскага ў інтэрв'ю наконт Лукашэнкі. Фраза, якая выклікала неадназначную рэакцыю, тычылася сустрэчаў украінскай і расійскай дэлегацый для перамоваў на беларускай тэрыторыі і цалкам гучала так:

«Расійскі бок адчувае перамогу ў тым, што гэтая сустрэча адбылася, што гэта дадае нейкую суб'ектнасць Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку… Ды на здароўе. Калі мы можам скончыць вайну, а Аляксандр Рыгоравіч будзе адчуваць ад гэтага, што ён зноў у доме гаспадар — ды на здароўе. Мне, шчыра кажучы, усё роўна. Гэта ўвогуле выбар беларусаў, а дакладна не наш. Таму я пагадзіўся, калі будзе прадметная ў іх сустрэча».

«Знайшлі маленькае месца, дзе пару слоў было сказана пра Лукашэнку, і ўсе беларусы, прычым не толькі звычайныя людзі, [абурыліся]. Лябедзька гнеўны пост напісаў у сваім Фэйсбуку.

А там жа насамрэч абсалютна па кантэксце зразумелая рэч. Чалавек смяротна стомлены, з недасыпам, тым не менш, размаўляе з журналістамі з краіны, якая з ім ваюе, спрабуючы патлумачыць сваю пазіцыю. І адказваючы на пытанне, ён кажа: ды мне напляваць, дзе гэтыя перамовы могуць адбыцца, і калі проста ад таго, што яны адбудуцца ў Мінску, Лукашэнка чамусьці адчуе сябе лепей — ды мне напляваць на гэта. Вось усё, што ён сказаў!

Проста калі вы форсіце тэму акупацыі, зрабіце наступную лагічную аперацыю: адзінае, што вас уратуе — гэта перамога арміі-вызваліцеля. А варта было Зяленскаму сказаць: «ды мне напляваць, што там Лукашэнка падумае» — як жа так!? Што ж гэта? І арміі-вызваліцеля не будзе? А мы ўжо так былі гатовыя! Дзіва проста, дзіва!» — эмацыйны разважаў Сяргей Чалы.

Што будзе значыць для Беларусі, калі яе прызнаюць краінай пад часовай ваеннай акупацыяй 

«Мне, шчыра кажучы, усё роўна». Ды на здароўе, Зяленскі

Nashaniva.com