«Прадавалі ў асноўным украінскі цукар». Што вядома пра расійскіх вайскоўцаў, якія гандлююць на Гомельшчыне нарабаваным ва Украіне

На мінулым тыдні галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны распаўсюдзіла інфармацыю, што ў Нароўлі існуе рынак, на якім расійскія вайскоўцы прадаюць нарабаванае ва Украіне. Чытачы «Радыё Свабода» зняпраўдзілі гэтую інфармацыю, але падзяліліся некаторымі іншымі цікавымі падрабязнасцямі.

04.04.2022 / 17:20

Расійская вайсковая тэхніка на платформах на чыгунцы, станцыя «Навабеліцкая», расійская тэхніка каля ГЦ «Мандарын» (Гомель)

«Так, расіяне едуць цяпер з Украіны «загружанымі», шмат вязуць нарабаванага. Па горадзе яны тое-сёе прадаюць, але рынка няма», — расказаў жыхар Нароўлі.

«Гандаль з іх боку пачаўся яшчэ да таго, як яны заехалі ва Украіну. Расіяне прадавалі мясцовым сокі, кансервы. Калі цяпер яны вяртаюцца з Украіны, то вязуць шмат мяшкоў, клункаў. Што там, не ведаю. Актыўна прадавалі ўкраінскі цукар. Мяшок — 65 рублёў, гэта за 50 кілаграмаў. Прадавалі яго каля шынамантажу на вуліцы Мінскай. Некаторыя людзі бралі», — расказала крыніца «Свабоды».

Жыхар Нароўлі не выключае, што нарабаваным дабром расіяне гандлююць па хатах ці стыхійна — на ўездзе ў Нароўлю з боку Украіны.

«Бачыў, што расіяне цягнулі садовую тачку, дываны цягнулі. На продаж, ці сабе, не ведаю. Яшчэ яны па цэнтры горада ганялі на скутэрах і роварах. Дзе іх узялі — пытанне», — зазначыў мясцовы жыхар.

Ён кажа, што цяпер расійскія вайскоўцы скупляюць шмат прадуктаў у крамах Нароўлі.

«Бяруць цыгарэты, энергетычныя напоі, трусы, шкарпэткі — усё грабуць. У размовы не ўступаюць. Іх тэхніка стаіць на нашай аўтабазе, акурат насупраць палявога шпіталя. Казалі, што паедуць адсюль яшчэ 29 сакавіка. Потым нешта змянілася, цяпер гавораць, што 7 красавіка выедуць з Нароўлі», — зазначыла крыніца «Свабоды».

Нароўля. Расійская вайсковая тэхніка на тэрыторыі дзейнай аўтабазы насупраць расійскага палявога шпіталя.

Жыхары Мазыра кажуць, што менш расіян у горадзе не стала. «Яны, як і раней, паўсюдна — у барах, крамах, лазнях», — зазначыў мясцовы жыхар.

У розных суполках «ВКонтакте» Нароўлі і Мазыра прысутнасць расійскіх вайскоўцаў не надта адчуваецца. У суполцы «Куплю Продам Наровля» былі размешчаныя абвесткі пра продаж iPad за 150 рублёў і новага мабільнага тэлефона, пра цану якога не паведамляецца. Адзін з прадаўцоў — нібыта «жыхар горада Энергадара», у другога профіль прыватны, але на аватарцы — вайскоўцы і танкі.

У мазырскіх пабліках ёсць абвесткі пра знаходку мабільнага тэлефона, у футарале якога ляжаў сертыфікат аб вакцынацыі ад каранавіруса. Сертыфікат быў зроблены медпунктам вайсковай часткі 45123 Міністэрства абароны Расіі. Частка размешчаная ў горадзе Каменск-Уральскі Свярдлоўскай вобласьці. Гэта авіябаза вайсковай авіяцыі.

У мазырскіх суполках «ВКонтакте» таксама ёсць абвестка пра знойдзеную расійскую банкаўскую картку сістэмы «Мир».

Таксама ад імя жыхара Расіі была размешчаная абвестка пра жаданне пазнаёміцца з «цікавай дзяўчынай з формамі».

Чытаць таксама:

Паводзяць сябе як гаспадары, прадаюць тое, што нарабавалі ва Украіне. Што распавядаюць пра расійскіх вайскоўцаў на Гомельшчыне

Nashaniva.com