Вярхоўная Рада прызнала дзеянні Расіі генацыдам супраць украінцаў

Вярхоўная Рада афіцыйна прызнала дзеянні, учыненыя Расіяй падчас вайсковага нападу на Украіну, генацыдам украінскага народа. Адносна гэтага прынятая спецыяльная пастанова №7276 аб заяве Вярхоўнай Рады Украіны «Аб здзяйсненні Расійскай Федэрацыяй генацыду ва Украіне».

14.04.2022 / 18:53

Паводле дакумента:

«… Вярхоўная Рада Украіны гэтай заявай:

Прызнае дзеянні, учыненыя Узброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі і яе палітычным і ваенным кіраўніцтвам падчас апошняй фазы ўзброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны, якая пачалася 24 лютага 2022 года, генацыдам украінскага народа.

Звяртаецца да Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, Еўрапейскага парламента, Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, Парламенцкай асамблеі АБСЕ, Парламенцкай асамблеі НАТА, урадаў і парламентаў замежных дзяржаў адносна прызнання здзяйснення Расійскай Федэрацыяй генацыду ўкраінскага народа, а таксама злачынстваў супраць чалавечнасці і ваенных злачынстваў на тэрыторыі Украіны».

Nashaniva.com