Украінская ўпаўнаважаная па правах чалавека: Згвалтаванні на акупаваных Расіяй тэрыторыях насілі масавы характар

Расійскія вайскоўцы, здзяйсняючы ваенную агрэсію супраць Украіны, парушаюць усе чатыры Жэнеўскія канвенцыі 1949 года — аб абыходжанні з параненымі, ваеннапалонным, аб абароне грамадзянскага насельніцтва і ажыццяўляюць маштабны генацыд украінцаў. Пра гэта на брыфінгу ў Кіеве заявіла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Людміла Дзянісава.

14.04.2022 / 22:42

Людміла Дзянісава. Фота: Укрінфарм

Сярод іншага Офіс упаўнаважанай Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека фіксуе шмат злачынстваў сэксуальнага характару, прытым ёсць факты згвалтаванняў не толькі жанчын і дзяўчат, але і дзяцей, у прыватнасці хлопчыкаў, а таксама мужчын, людзей пажылога ўзросту.

«Дакладную колькасць падобных злачынстваў мы не можам назваць зараз, але яны носяць масавы характар. Мы кожны дзень знаходзім доказы такіх злачынстваў», — сказала Дзянісава.

Напрыклад, за мінулыя суткі на гарачую лінію ўпаўнаважанага па правах чалавека за атрыманнем псіхалагічнай дапамогі ў выніку згвалтавання расійскімі вайскоўцамі звярнуліся 53 чалавекі і толькі трое з іх далі дазвол на тое, каб гісторыю і дэталі злачынства супраць іх маглі быць абвешчаныя ў СМІ.

Упаўнаважаная па правах чалавека таксама адзначыла, што многія ахвяры абвінавачваюць сябе ў тым, што здарылася, лічаць сябе вінаватымі ў тым, што не змаглі абараніць блізкіх, маюць суіцыдальныя настроі.

Яна расказала гісторыю 11-гадовай дзяўчынкі, якую згвалтаваў расійскі салдат, і аналагічныя сведчанні мужчыны сярэдняга ўзросту ў Кіеўскай вобласці. Таксама Дзянісава пацвердзіла звесткі аб «склепе для згвалтаванняў», арганізаваным расіянамі ў Бучы, дзе знаходзіліся 25 жанчын ва ўзросце ад 14 да 24 гадоў.

Nashaniva.com