Легенда сыходзіць: фінскія заснавальнікі вырашылі прадаць «Лідскае піва» і шукаюць пакупнікоў

Як стала вядома «Нашай Ніве», фінскі канцэрн Olvi PLC вырашыў пазбавіцца ад свайго актыву ў Беларусі і цяпер актыўна шукае пакупніка на «Лідскае піва». Запытаная сума продажу невядомая, фінам належыць 96,4% акцый кампаніі.

20.04.2022 / 18:03

Фота: Старонка ў Інстаграме кампаніі

Да таго фіны заяўлялі пра рашэнне спыніць экспарт у Расію і Беларусь, а таксама спыніць інвестыцыі і сысці з рынку. 

У «Лідскім піве» ў Беларусі працуюць каля 800 чалавек, якія генеравалі 24% аперацыйнага прыбытку ўсяго канцэрна. 

Фінскі капітал увайшоў у Беларусь у 2008-м годзе, а сысці вырашыў пасля інфармацыі аб саўдзеле Беларусі ў вайне супраць Украіны.

«Да нядаўняга часу «Лідскае піва» было адным з найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў Гродзенскай вобласці. Але цяпер наперадзе праблемы — хмель у Беларусі не расце, гэта агульнавядома. Я сумняваюся, што ў Беларусі нехта ўсур'ёз зацікавіцца іх набыццём, хіба нехта з рускіх», — пракаментаваў сітуацыю адзін з удзельнікаў рынку. 

Арцём Гарбацэвіч