Мабільны дадатак Альфа-Банка вярнуўся ў App Store

Мабільны дадатак Альфа-Банка Insync вярнуўся ў App Store і запрацаваў на iPhone пасля абнаўлення. Пра гэта паведаміў твітар-акаўнт Альфа-Банка.

20.04.2022 / 22:49

Insynс не працаваў на дэвайсах Apple ад 9 красавіка.

Што адбылося?

Мабільны банк перастаў працаваць на iPhone, бо Альфа-Банк пратэрмінаваў сертыфікат бяспекі Apple. Новая версія InSync з абноўленым сертыфікатам бяспекі своечасова не прайшла тэхнічную праверку Apple.

Альфа-Банк прапанаваў кліентам карыстацца вэб-версіяй інтэрнэт-банка ці версіяй мабільнага дадатку для тэсціроўшчыкаў праграмнага забеспячэння.

У працы вэб-версіі карыстальнікі заўважалі збоі. Праз гэта Альфа-Банк часова прыбіраў чат тэхнічнай падтрымкі з вэб-версіі інтэрнэт-банка. Карыстацца версіяй для тэсціроўшчыкаў атрымалася не ва ўсіх кліентаў, бо колькасць тэсціроўшчыкаў аднаго дадатку абмежаваная.

15 красавіка Apple выдаліла з App Store дадаткі беларускага і расійскага Альфа-Банка праз санкцыі ЗША. Аднак беларускі Альфа-Банк пад санкцыі не патрапіў.

Nashaniva.com