Міністр фінансаў Літвы прапанавала амерыканскаму бізнэсу з Беларусі і Расіі перабрацца ў Літву

Міністр фінансаў Літвы Гінтарэ Скайсце падчас візіту ў ЗША прапанавала амерыканскім інвестарам перанесці свой бізнэс з Расіі і Беларусі ў Літву, піша Delfi.

26.04.2022 / 14:46

Гінтарэ Скайсце, Delfi.lt

Міністр сустрэлася ў Вашынгтоне з членамі Амерыкана-літоўскай рады па бізнэсе і з кіраўніцтвам экспартна-імпартнага банка ЗША, абмеркавала з імі неабходнасць пашырэння эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі і развіццё інвестыцый, паведамілі ў Мінфіне.

«Улічваючы вайну Расіі ва Украіне і іншыя геапалітычныя выклікі, вельмі важна і далей паглыбляць літоўска-амерыканскія эканамічныя сувязі, прыцягваць інвестыцыі і такім чынам дапамагаць нашаму бізнэсу пераарыентавацца, перабудаваць ланцужкі паставак і пераходзіць да значна больш стабільных і надзейных заходніх партнёраў і рынкаў», — адзначыла Скайсце ў прэс-рэлізе.

Па даных Міністэрства, інвестыцыі могуць быць накіраваныя ў стратэгічна важныя галіны — ад энергетыкі да абласцей з высокай дададзенай вартасцю, такіх, як біятэхналогіі або інфармацыйныя тэхналогіі. Злучаныя Штаты з'яўляюцца шостым па велічыні гандлёвым партнёрам Літвы з тавараабаротам, большым за 3 млрд. еўра ў год.

Nashaniva.com