У Беларусі выраслі нормы бяспошліннага ўвозу багажу на мяжы. Вось новыя правілы

Да ўчарашняга дня дзейнічалі ранейшыя нормы: пры перасячэнні мяжы не на самалёце і не пешшу можна было ўвозіць багаж коштам да 500 еўра і вагой да 25 кг. Новыя нормы — 1000 еўра і 31 кг, піша Onliner.

29.04.2022 / 12:58

А што з нормай у 300 еўра пры прыватных перамяшчэннях?

Шмат хто памятае, што з красавіка 2016 года дзейнічала норма для тых, хто перасякае мяжу часцей, чым раз на тры месяцы, — яны маглі бяспошлінна ўвозіць тавары на 300 еўра вагой не больш за 20 кг. Гэтая норма была адменена ў 2020 годзе ўказам нумар 146. Стала можна вазіць «па 500» і часцей.

Колькі трэба плаціць за перавышэнне?

Калі вага тавараў будзе вышэйшая за норму, пошліну палічаць па 4 еўра за кожны лішні кілаграм. Калі перавышэнне будзе па кошце, то разлік просты: ад сумы тавараў аднімуць 1000 еўра і на рэшту налічаць пошліну ў памеры 30%.

Што будзе ў выпадку перавышэння і па тым, і па іншым параметры? Супрацоўнікі мытні будуць глядзець, у якім выпадку пошліна будзе вышэйшая, тую суму і выставяць.

Што можна вазіць і як часта

Многія памятаюць, што ДМК калісьці прааналізаваў тэрмін эксплуатацыі некаторых рэчаў і звёў асобныя найменні ў табліцу. Напрыклад, тэлевізар можна было правозіць раз на тры гады. А шыны — раз на два. Цяпер нормы іншыя. Тэлевізар можна вазіць ужо кожны год, а тэлефонаў — адразу па два на год (не забывайце пра столь кошту і вагі).

Колькі грошай можна перавозіць?

Улічваючы, што беларуса могуць чакаць праблемы з карткамі, варта падстрахавацца гатоўкай. Тут правілы не змяніліся: нікому не паказваючы, правозіце грошы на суму не больш за 10 тысяч долараў. Калі больш — трэба дэклараваць.

Колькі будуць дзейнічаць новыя правілы?

У рашэнні падкрэслівалася, што новыя правілы — гэта часовая норма, якая будзе дзейнічаць да 1 кастрычніка 2022 года.

Nashaniva.com