У Беларусі збіраюцца запусціць аналаг сэрвісаў Airbnb і Booking.com

У Беларусі плануюць запусціць аналаг сэрвісаў Booking.com і Airbnb, якія ў краіне больш не працуюць. Над стварэннем сэрвісу працуе каманда праекта «БелКрай», паведамляе сайт Office Life са спасылкай на заснавальніка праекта Барыса Якавіта.

11.05.2022 / 19:18

Фота: belkraj.by

Запусціць сэрвіс на базе сайта belkraj.by абяцаюць да пачатку ліпеня. Для ўладальнікаў жылля будзе даступная опцыя налады календара занятасці і цэнаў, турысты змогуць шукаць, браніраваць і аплачваць жыллё анлайн.

«Наш праект «БелКрай» ужо дастаткова добра вядомы ў Беларусі сярод аграсядзібаў і гідаў. У нас два асноўных напрамкі — сядзібы і экскурсіі. Для апошніх анлайн-браніраванне ўжо рэалізавана, і з гэтым сэрвісам мы нават выйшлі за межы краіны каля года таму», — гаворыць Барыс Якавіта.

Патрэба ў гэтым узнікла ў сувязі з тым, што пасля ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну папулярныя сэрвісы пошуку і браніравання жылля Airbnb і Booking.com перасталі працаваць у Беларусі. 

Nashaniva.com