Ратавальнікі ў Харкаве з пачатку вайны дасталі з-пад завалаў больш за 150 цел загінулых

Як заявіў намеснік кіраўніка Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях (ДСНС) Анатоль Таранік, харкаўскія ратавальнікі, што з самага пачатку канфлікту разбіраюць разбураныя ў выніку расійскіх абстрэлаў будынкі, і дасталі з-пад завалаў больш за 150 цел загінулых.

23.05.2022 / 08:23

Фота: Андрэй Марыенка, AP

«У Харкаве нашымі падраздзяленнямі разабрана цалкам 98 лакацый, на якіх ёсць завалы. На жаль, з-пад завалаў вынята больш за 150 целаў загінулых. Падчас аператыўна-ратавальных работ нашымі падраздзяленнямі было выратавана больш за 250 чалавек», — сказаў ён.

Паводле слоў ратавальніка, самым масіраваным абстрэлам падвяргаліся паўночныя і ўсходнія раёны Харкава, якія знаходзіліся бліжэй за ўсё да лініі фронту.

Таранік адзначыў таксама, што самая цяжкая праца была ў першыя дні, калі сапёры з ДСНС здзяйснялі па сто і больш выездаў на дзень.

За няпоўныя тры месяцы ваенных дзеянняў яны абясшкодзілі каля 3 тысяч выбухованебяспечных прадметаў.

Nashaniva.com