Джордж Сорас усклаў адказнасць за залежнасць Еўропы ад Пуціна на Ангелу Меркель

Фінансіст-мільярдэр Джордж Сорас усклаў віну за еўрапейскую газавую залежнасць ад Расіі непасрэдна на «спецыяльныя пагадненні» экс-канцлеркі Германіі Ангелы Меркель з Масквой. Пра гэта, як паведамляе выданне Politico, ён сказаў у прамове на палях Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе.

24.05.2022 / 23:14

Джордж Сорас. Фота Фабрыс Кафрыні/AFP праз Getty Images

«Залежнасць Еўропы ад расійскага выкапнёвага паліва застаецца празмернай, у асноўным з-за меркантылісцкай палітыкі, якую праводзіла былая канцлерка Ангела Меркель», — сказаў Сорас.

«Яна заключыла спецыяльныя пагадненні з Расіяй па пастаўках газу і зрабіла Кітай найбуйнейшым экспартным рынкам Германіі», — заявіў ён. Таксама Сорас дадаў, што, хоць цяперашняга канцлера Германіі Олафа Шольца абралі працягваць палітыку Меркель, ён «здаецца, у рэшце рэшт усё ж робіць правільныя рэчы», спасылаючыся на крокі па адмове ад» Паўночнага патоку-2», павелічэнне выдаткаў на абарону і адпраўку зброі Украіне.

Пры гэтым Сорас неаднаразова пахваліў прэм'ер-міністра Італіі Марыё Драгі, які аказаўся «адважнейшым, хоць газавая залежнасць Італіі амаль такая ж высокая, як і ў Германіі».

Раней Джордж Сорас заяўляў, што ўварванне Расіі ва Украіну, магчыма, стала пачаткам Трэцяй сусветнай вайны, таму для Захаду важна нанесці паразу сілам прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Nashaniva.com