БелТА сцвярджае, што амерыканцы выступілі супраць планаў НАТА. У якасці доказаў — выдуманыя твіты

Расійская і лукашэнкаўская прапаганда імкнуцца пераканаць чытачоў у тым, што новы план НАТА ў Еўропе няправільны, і што супраць гэтага плана выступаюць нават амерыканцы. За «амерыканцаў» тут — каментатары ў твітары. Што самае цікавае — прапагандысты не прыводзяць нават спасылак на гэтыя каментары ці хаця б нікнэймаў карыстальнікаў, якія іх нібыта пісалі. 

01.07.2022 / 20:02

«Амерыканскія карыстальнікі Twitter рэзка адрэагавалі на планы Паўночнаатлантычнага альянсу павялічыць колькасць сіл хуткага рэагавання з 40 да 300 тысяч чалавек і пашырыць прысутнасць у Еўропе. Многія карыстальнікі жахнуліся ад падобнай заявы, паколькі ўпэўненыя, што яна можа прывесці да новага глабальнага сутыкнення, развязанага з-за неабдуманых дзеянняў НАТА», — піша РИА Новости, і за ёй паўтарае БелТА

Далей прыводзяцца «каментары» гэтых неабыякавых амерыканцаў падобнага тыпу. 

Ужо не ўпершыню прапагандысты выдаюць каментары ў твітары за грамадскае меркаванне грамадзян заходніх краін. Не прыводзяцца ані вынікі сацыялагічнага апытання амерыканцаў, ані выказванні экспертаў ці лідараў грамадскай думкі. Няма там нават рэплік маргінальных пракрамлёўскіх блогераў і маніпулятыўнага апытання мінакоў на вуліцы, дзе свядома падабраныя адказы. 

Калі раней прапагандысты хаця б давалі скрыншоты на гэтыя каментары, альбо пісалі нікі, па якіх гэтыя каментары можна было знайсці (і пабачыць, што яны, пераважна, напісаныя ботамі), то зараз абышліся і без гэтага.

Яны проста прыводзяць «каментары» невядомых «амерыканцаў» нават без нікнэймаў і скрыншотаў і выдаюць іх за грамадскае меркаванне.

Такім чынам, прапагандысты могуць нават не траціць грошы на твітарскіх троляў для патрымання масоўкі. Навошта патрэбныя яны, калі РИА Новости і так усё напішуць?

Саміт НАТА прайшоў 28-30 чэрвеня ў Мадрыдзе. Удзельнікі сустрэчы абвясцілі, што Расія для альянсу больш не партнёр, а «пагроза міру і стабільнасці». Пры гэтым лідары НАТА абвясцілі рашэнне аб новым размяшчэнні сіл у Еўропе.

Падобная жорсткая рэакцыя НАТА стала адказам на агрэсіўныя дзеянні Расіі, якая развязала вайну ва Украіне. Многія члены НАТА мяркуюць, што крытычна неабходна ўмацаваць усходні фланг НАТА, каб краіны Балтыі і Польшча не сталі наступнымі мішэнямі расійскага войска. 

Nashaniva.com