Літва пратэстуе з нагоды закрыцця ў Беларусі літоўскіх школ

Літва заявіла пратэст Беларусі з нагоды прыбірання ў школах вёсак Рымдзюны Астравецкага і Пеляса Воранаўскага раёна літоўскай мовы з 1 верасня. Падчас пасяджэння Пастаяннай рады АБСЕ часовы прадстаўнік Літоўскай Рэспублікі пры міжнародных арганізацыях у Вене Ніда Якубоне заявіла, што афіцыйны Мінск парушае міжнародныя абавязальніцтвы і абавязальніцтвы перад АБСЕ па забеспячэнні адукацыі на мовах нацыянальных меншасцяў, піша «Еўрарадыё».

08.07.2022 / 17:17

Школа ў Пелясе. Фота: voranava.blogspot.com

Вярхоўны камісар АБСЕ па справах нацыянальных меншасцяў Кайрат Абдрахманаў заклікаў улады Беларусі перагледзець сваё рашэнне і забяспечыць адэкватнае выкладанне моў нацыянальных меншасцяў.

Пра тое, што літоўскія школы ў Беларусі мусяць быць пераведзеныя на беларускую ці рускую мовы, стала вядома пры канцы красавіка. З 1 верасня літоўская мова застанецца ў гэтых школах толькі прадметам.

Пры гэтым школа ў Рымдзюнах была пабудаваная ў 1996 годзе на літоўскія сродкі, а Пеляская школа ўтрымліваецца за кошт сродкаў літоўскага міністэрства адукацыі. У міністэрстве падкрэсліваюць, што калі беларускія ўлады не адменяць сваё рашэнне, то школа перастане падтрымлівацца Літвой.

У Пеляскай школе вучыцца 127 дзяцей і працуюць 23 настаўнікі, 11 з якіх з'яўляюцца грамадзянамі Літвы. У Рымдзюнскай — 82 вучні і 18 настаўнікаў, 14 з якіх з'яўляюцца грамадзянамі Літвы. 

Nashaniva.com