Расія і Беларусь могуць прапусціць Алімпійскія гульні 2024 года

Расіі і Беларусі пагражае забарона на ўдзел у Алімпійскіх гульнях у 2024 годзе ў Парыжы, заявіў Крэйг Рыдзі, член Міжнароднага алімпійскага камітэта і былы кіраўнік Сусветнага антыдопінгавага агенцтва, піша The Guardian.

12.07.2022 / 21:09

Крэйг Рыдзі мяркуе, што ў Расіі і Беларусі мала шанцаў вярнуцца набліжэйшым часам у міжнародны спорт. Паводле яго, большасць спартсменаў з Расіі і Беларусі сутыкаюцца з тым, што яны не могуць удзельнічаць у спаборніцтвах, у якіх прадугледжана кваліфікацыя на Алімпійскія гульні — 2024, бо адпаведныя міжнародныя федэрацыі цяпер іх не дапускаюць.

«Таму, на першы погляд, малаверагодна, што нехта з іх зможа прайсці кваліфікацыю, акрамя як у трох відах спорту (веласпорт, дзюдо, тэніс), якія дзейнічалі інакш. І ці змогуць нават яны кваліфікавацца? Я не ўпэўнены.

Таксама, калі думаць пра спартсменаў з іншых краін, вельмі складана будзе сказаць ім на паўдарогі: «Усе вы, хто ўжо прайшоў кваліфікацыю, мы змянілі правілы».

«Неабходна прыняць рашэнне аб тым, што адбудзецца з кожнай з гэтых дзвюх краін, і я мяркую, што агульнае меркаванне будзе заключацца ў тым, што яны не павінны праходзіць кваліфікацыю», — дадаў Рыдзі.

У лютым 2022 года МАК рэкамендаваў спартыўным федэрацыям не запрашаць расійскіх і беларускіх спартсменаў на спаборніцтвы. Калі гэта немагчыма па арганізацыйных або юрыдычных прычынах, МАК рэкамендаваў дапускаць спартсменаў або каманды з гэтых краін не ад імя сваіх краін, а толькі ў нейтральным статусе.

Nashaniva.com