Прадстаўнік УСУ патлумачыў, чаму Украіна не збівае расійскія самалёты над Беларуссю

Збіваць расійскія самалёты ў паветранай прасторы Беларусі Украіне не дазваляюць магутнасці яе сродкаў СПА. Пра гэта заявіў прэс-сакратар камандавання Паветраных сілаў УСУ палкоўнік Юрый Ігнат падчас брыфінгу.

14.07.2022 / 00:19

Фота ілюстрацыйнае

«На жаль, мы не можам знішчаць расійскую авіяцыю на тэрыторыі Беларусі. Гэта занадта далёка, каб мы маглі яе дастаць. Расійская авіяцыя працуе вакол Украіны, у такой падкове, ад Беларусі пачынаючы, заканчваючы востравам Змяіны. Паміж Змяіным і Севастопалем яны знаходзяцца пастаянна, 24 на 7, у рэжыме пастаяннага патрулявання», — расказаў Ігнат.

Па ягоных словах, расіяне перабазуюць самалёты з аднаго плацдарма на іншы, выкарыстоўваючы ўсе без выключэння аэрадромы Беларусі.

«Мы можам іх знішчаць толькі тады, калі яны ўвойдуць у зону паражэнння нашай СПА. На сённяшні дзень тыя сродкі, якія мы маем, гэта С-300. Адлегласць паражэння гэтага комплекса да 70 км. Зразумела, што гэтыя комплексы стаяць на тэрыторыі Украіны і ясна, што не на самай мяжы», — дадаў ён.

Nashaniva.com