На працы за паўгода загінулі 74 беларусы

За першыя шэсць месяцаў 2022 года на працоўных месцах загінулі 74 чалавекі. Такія звесткі падае Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

17.07.2022 / 10:21

«У студзені-чэрвені 2022 года ў арганізацыях рэспублікі ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці пацярпелі 756 работнікаў, з якіх 74 загінулі. Са згаданай колькасці пацярпелых 78 чалавек траўмаваныя ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў», — паведамляе Дэпартамент.

Для параўнання: у студзені-чэрвені 2021 года на працоўных месцах пацярпелі 852 чалавекі, загінулі 56. За аналагічны перыяд 2020-га было 1025 няшчасных выпадкаў, памерлі 72 работнікі.

Асноўная прычына смерці на працоўных месцах у Беларусі — падзенне з вышыні, гэта 34,9% выпадкаў. Ад уплыву прадметаў, якія рухаюцца і круцяцца, гінуць 26,2% працаўнікоў. З-за наезду транспартнага сродку — 11,2%. У 7,7% выпадкаў прычынай смерці становіцца абрынанне будынкаў і падзенне прадметаў.

Nashaniva.com