У Гомелі касірка абдурыла дзве крамы адразу

Грамадзянка Расіі прыходзіла ў гомельскія сеткавыя крамы і ўладкоўвалася туды касірам, піша гомельскае выданне «Белка». Працадаўцам яна называла выдуманае імя, якое ёй пісалі на бэйджы. Ужо на наступны пасля сумоўя дзень дзяўчына садзілася за касу, а ў канцы змены забірала з яе грошы і знікала.

18.07.2022 / 18:40

Фота ілюстрацыйнае

Такім чынам дзяўчына працаўладкоўвалася двойчы, і абодва разы ў яе ніхто не прасіў прад'явіць дакументы.

«Паміж працаўладкаваннем у першую і другую сеткавыя крамы абвінавачаная перачакала два тыдні. На момант затрымання ад выкрадзеных сродкаў — каля 3 тысяч рублёў — яна ўжо паспела пазбавіцца: першую частку выдаткавала на асабістыя патрэбы, другую выкінула перад затрыманнем, — расказала падрабязнасці памочніца пракурора Гомеля Анастасія Купрацэвіч. —

Сваю віну дзяўчына прызнала і патлумачыла міліцыянтам, што здзейсніць злачынства яе падштурхнула бязладнасць наймальнікаў і адчуванне беспакаранасці.

Калі б яе папрасілі прад'явіць хоць бы пашпарт, то яна пабаялася б ісці на злачынства».

Цяпер былую работніцу абвінавачваюць у крадзяжы, і ёй пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Nashaniva.com